У Старых Дарогах адкрылі першы помнік Слуцкаму збройнаму чыну 1920 года

Дзесяткі актывістаў грамадскіх арганізацый і палітычных партый адзначылі ўгодкі Слуцкага збройнага чыну паездкай па памятных месцах, звязаных з антыбальшавіцкім паўстаннем 1920 года. Мерапрыемства было дазволена Мінскім аблвыканкамам.
Мінчукі на двух аўтобусах (адзін з іх арганізавала Партыя БНФ, другі – грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык) наведалі Слуцк, Грозаў, Семежава, Вызну. Яны ўсклалі кветкі да крыжоў, усталяваных на месцах былых баёў, запальвалі свечкі.

Пра далейшы маршрут удзельнікаў святкавання ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну Еўрарадыё распавёў Вячаслаў Сіўчык:

“Пасля гэтага мы прыехалі ў прыватны музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах, дзе быў адкрыты помнік слуцкім змагарам. Гэта першы такі помнік у Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што ў наступным годзе ў самім горадзе Слуцку будзе ўсталяваны помнік Слуцкаму збройнаму чыну”.

Адзначым,зшто ўпершыню за апошнія гады сілавыя структуры не перашкаджалі актывістам у паездцы па памятных месцах на Случчыне.