У Таліне гаварылі пра перспектывы удзелу Беларусі ва "Ўсходнім партнёрстве"

Беларуска-эстонскія кансультацыі паміж Міністэрствамі замежных спраў, першыя ў гісторыі дыпламатычных адносінаў дзвюх краін, прайшлі ў Таліне 5 сакавіка. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Еўропы МЗС Сяргей Маліноўскі, эстонскую - генеральны дырэктар палітычнага дэпартамента МЗС Клайд Кул.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, бакі абмеркавалі "ўвесь парадак дня двухбаковых адносінаў". Асаблівая ўвага была нададзена кірункам актывізацыі палітычнага дыялогу, міжпарламенцкіх кантактаў, пашырэння гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, непасрэднага ўзаемадзеяння зацікаўленых ведамстваў, развіццю дагаворна-прававой базы.

"Адбыўся абмен думкамі аб перспектывах удзелу Беларусі ў рэалізацыі ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства", магчымасцях узаемадзеяння ва універсальных і рэгіянальных міжнародных арганізацыях, у тым ліку Савеце дзяржаў Балтыйскага мора", - цытуе паведамленне БелаПАН.