У Віцебскай абласной бібліятэцы з'явіліся буккросінг-паліцы

У Віцебскай абласной бібліятэцы 15 верасня стартаваў новы праект — тут з'явіліся буккросінг-паліцы. Сутнасць буккросінгу ў тым, што людзі пакідаюць непатрэбныя ім кнігі ў грамадскіх месцах, каб іх маглі прачытаць іншыя, паведамляе БелаПАН.

Як паведаміў дырэктар абласной бібліятэкі Аляксандр Сёмкін, да шырока распаўсюджанага міжнароднага руху буккросінгу першымі далучыліся супрацоўнікі бібліятэкі. Каля ста кніг з іх сямейных бібліятэк размясцілі ў холе галоўнага кнігасховішча вобласці, на спецыяльных буккросінг-паліцах. Бясплатна ўзяць іх можа любы ахвотны, не абавязкова чытач бібліятэкі. Няпісаным правілам руху з'яўляецца толькі адно: той, хто ўзяў кнігу з жоўтай налепкай буккросінгу, прачытаўшы яе, вяртае на паліцу.