У Віцебску пачынаецца ХХ фестываль дзіцячай і юнацкай творчасці

Больш за 300 выканаўцаў стануць удзельнікамі XX Віцебскага фестывалю дзіцячай і юнацкай творчасці, які адкрываецца 12 красавіка. Як паведамляе БелаПАН, мэта музычнага форуму — падтрымаць таленавітых дзяцей, даць ім магчымасць канцэртнай дзейнасці, а таксама прыцягнуць дзіцячую і юнацкую аўдыторыю да класічнай музыкі.

На сямі фестывальных канцэртах можна будзе пазнаёміцца не толькі з музычным, але і з харэаграфічным і тэатральным мастацтвам. 12 красавіка на адкрыцці імпрэзы выступяць найлепшыя харавыя калектывы вобласці — з Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў, школы мастацтваў №1 Оршы, музычнай школы №4 Віцебску, школы мастацтваў №1 Віцебску. У іх выкананні прагучаць творы кампазітараў-класікаў харавой музыкі, прычым палова праграмы будзе выкананая акапельна.

Завершыцца фэст 30 красавіка справаздачным канцэртам ансамбля класічнага танца "Піруэт" дзіцячай школы мастацтваў №1 Віцебску.