У Віцебску распачаў працу Еўрапейскі клуб

У Віцебску 13 лістапада адбылася прэзентацыя Еўрапейскага клуба. На думку каардынатара руху “За Свабоду” па Віцебскай вобласці Хрыстафора Жаляпава, дзякуючы гэтаму клубу прыхільнікі інтэграцыі Беларусі ў Еўропу будуць мець месца для сустрэч. Жаляпаў: Каб прыхільнікі пераменаў, прыхільнікі інтэграцыі Беларусі ў Еўропу маглі збірацца, абмяркоўваць праблемы, што ёсць у грамадстве. Мы будзем запрашаць на нашыя паседжанні пісьменнікаў, рэжысёраў, палітолагаў, сацыёлагаў, палітыкаў...

Паседжанні клуба плануецца зрабіць штотыднёвымі. У бліжэйшых планах арганізатараў — дыскусійнае паседжанне, на якое будуць запрошаны прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх арганізацый і мясцовае ўлады. Таксама Еўрапейскі клуб плануе з дапамогай ТБМ арганізаваць курсы беларускай мовы, каб паспрыяць працэсу вяртання яе ў стан сапраўды дзяржаўнай мовы.