Уладлена Функ з калоніі патрапіла ў ізалятар часовага ўтрымання

У гомельскім ізалятары часавага ўтрымання, паводле папярэдняй інфармацыі, знаходзіцца грамадзянка Расіі Уладлена Функ. Пра гэта яе адвакату Дзмітрыю Гарачку заявілі ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў Чыгуначнага раёна Гомеля, на тэрыторыі якога размешчана жаночая папраўчая калонія.
Там паведамілі таксама, што ўсе дакументы Функ перададзеныя ва ўпраўленне па грамадзянстве і міграцыі Гомеля.

Раніцай 12 сакавіка Функ, у якой сёння завершаны тэрмін адбывання пакарання, была вызвалена з калоніі. Дзяжурны калоніі паведаміў адвакату і карэспандэнту БелаПАН, што прыкладна а 6-й гадзіне Функ забралі супрацоўнікі міліцыі, аднак у РАУС Чыгуначнага раёна Дзмітрыю Гарачку заявілі, што нічога не ведаюць пра вызваленне Функ.

Адвакат не выключае, што расіянку забралі з калоніі прадстаўнікі спецслужбаў, каб выключыць яе зносіны з ім і з журналістамі.

Нагадаем, Уладлена Функ, сакратар амерыканскага юрыста Эмануіла Зельцэра, і сам Зельцер былі затрыманыя ў Мінску 12 сакавіка 2008 года. Мінскі гарадскі суд прызнаў іх вінаватымі ў выкарыстанні заведама лжывых дакументаў і замаху на камерцыйны шпіянаж. Грамадзянін ЗША Зельцэр быў прыгавораныя да трох гадоў пазбаўлення волі, Функ — да аднаго года. 31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прыгаворы ў сіле. Усе судовыя працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме.