Валеры Фадзееў: Cмяротнае пакаранне можа адмяніць прэзідэнт ці парламент

Дэпутат Віктар Гумінскі лічыць, што Беларусь наблізілася да таго, каб пазбавіцца ад смяротнага прысуду. А экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Валеры Фадзееў кажа, што для гэтага не трэба праводзіць рэферэндума ПАСЕ не супраць таго, каб вярнуць Беларусі статус спецыяльна запрошанай краіны ў Савеце Еўропы. Але ёсць адна ўмова: беларускім уладам трэба ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Як высветлілася, нашая краіна не так далёка ад выканання гэтай умовы. Па-першае, з кастрычніка 2008 года ў краіне не было выканана ніводнага расстрэлу. Па-другое, некалькі тыдняў таму пры Палаце прадстаўнікоў была створаная група, якая вывучае пытанне аб адмене смяротнага пакарання і выпрацоўвае адпаведныя прапановы.

Старшыня Камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі кажа, што на рэферэндуме 1996 года галасаваў супраць адмены смяротнага пакарання. Але зараз у грамадстве паціху мяняецца гэты стэрэатып. Беларусь павінна ўлічваць, што жыве ў еўрапейскім доме.

Віктар Гумінскі: "Асабіста я тыя погляды, якія ў мяне былі, перагледзеў. Той доўгі перыяд з моманту рэферэндума адыграў сваю ролю ў свядомасці людзей, і зараз смяротнае пакаранне — больш эмоцыя".

Але калі мараторый і будзе ўведзены заканадаўча, то зроблена будзе не паводле патрабавання ПАСЕ, а таму што беларусы змяніліся з часоў, калі галасавалі на рэферэндуме за вышэйшую меру пакарання, працягвае спадар Гумінскі.

Віктар Гумінскі: "Мая пазіцыя ў тым, што мы павінны наблізіцца да адмены смяротнага пакарання. Не таму, што Еўропа паставіла нам ўмову — а мы самі ўжо падышлі да таго, што гэтае пытанне можа быць пастаўлена на парадак дня. Да гэтага ўсё ідзе. Я думаю, што ў нас выспее рашэнне аб адмене смяротнага пакарання без усялякіх указак ды падказак".

ПАСЕ важна, каб Беларусь увяла мараторый на смяротнае пакаранне, таму што ўсе краіны, якія з'яўляюцца сябрамі Савета Еўропы, не маюць такога артыкула ў Крымінальных кодэксах, кажа праваабаронца Алесь Бяляцкі. Беларусь не можа быць выключэннем. Але цікава, што Беларусь нават пасля адмены атрымае толькі статус спецыяльна запрошанага, а не паўнавартаснага сябра СЕ.

Алесь Бяляцкі: "Мне падаецца, гэта такі паказальнік, што крэдыт даверу да беларускіх уладаў з боку еўрапейскіх парламентарыяў скончыўся. Нават для спецыяльна запрошанага члена яны выставілі трошкі большыя патрабаванні, чым мы чакалі. Гэта вельмі добра".

Калі беларускія ўлады пажадаюць адмяніць смяротны прысуд як артыкул у Крымінальным кодэксе, для гэтага не трэба зноў праводзіць рэферэндум, кажа былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валеры Фадзееў. Адпаведныя змены можна правесці ўказам прэзідэнта ці рашэннем парламенту.

Валеры Фадзееў: “Калі адмяняць смяротнае пакаранне, то трэба выключаць яго з Крымінальнага кодэксу. Яно толькі там прысутнічае. Што тычыцца мараторыя, то яго можна выключыць і без гэтага. Мараторый можа аб’явіць прэзідэнт ці парламент. А рашэнне рэферэндума носіць рэкамендацыйны характар. Прамое рашэнне рэферэндума не працуе. Яно заўсёды павінна быць праведзенае праз нарматыўныя акты”.

Значыць, да верасня, калі будзе разглядацца пытанне наконт вяртання Беларусі ў спецыяльна запрошаныя сябры Савета Еўропы, абсалютна рэальна адмяніць смяротнае пакаранне.