Вынікі exit polls: Ірландыя зацвердзіла Лісабонскую дамову

Ірландыя, паводле неафіцыйнай інфармацыі, зацвердзіла на рэферэндуме Лісабонскую дамову. Пра гэта, у прыватнасці, сведчаць вынікі неафіцыйных апытанняў на выхадзе з участкаў для галасавання (exit polls), афіцыйных апытанняў не праводзілася. Як паведамляе РИА "Новости", прадстаўнік правячай ірландскай партыі "Фіэна фойл" адзначыў, што прыхільнікаў еўраінтэграцыі аказалася больш у рабочых гарадскіх раёнах, дзе на мінулым рэферэндуме былі моцныя пазіцыі тых, хто выступаў супраць.

Афіцыйны падлік галасоў пачнецца раніцай у суботу, а вынікі рэферэндума, як чакаецца, будуць аб'яўленыя ўжо сёння.

Нагадаем, у чэрвені 2008-га больш за 53% ірландцаў прагаласавалі супраць Лісабонскай дамовы, якая прадугледжвае шэраг важных рэформаў ЕС, уключна з увядзеннем пасадаў прэзідэнта і міністра замежных спраў Еўрасаюза. Для таго, каб дакумент набыў моц, неабходнае ўхваленне яго ўсімі дзяржавамі ЕС.