Як у Мінску рэстаўруюць помнікі архітэктуры (фота і відэа)

Еўрарадыё праінспектавала рамонт будынка, у якім падчас Першай сусветнай вайны, магчыма, працаваў публічны дом. Раніцай 25 жніўня, ідучы на працу, карэспандэнт Еўрарадыё заўважыў, што будаўнікі на 4 паверсе дома №5 па вуліцы Кірава збіваюць з фасада цагляныя ўпрыгожанні, уласцівыя для эпохі мадэрну. Гэта змусіла яго (то бок мяне) выцягнуць з кішэні фотаапарат.



Дому №5 на вуліцы Кірава (раней — Міхайлаўскай) больш за 100 гадоў. Ён выдатна захаваўся і дагэтуль мае выразныя рысы архітэктуры мадэрну. Такія будынкі ў Мінску можна пералічыць па пальцах...

За доўгі век дом неаднаразова мяняў гаспадароў. Паводле некаторых звестак, пэўны час у ім нават працаваў бардэль!


Магчыма, у гэтай залі 90 гадоў таму "тусілі" "барышні"

Праўда, гісторык горада Мінска прафесар Захар Шыбека такіх фактаў прыгадаць не можа:

Захар Шыбека:
“Можа і быў там публічны дом, але калі так, дык толькі падчас Першай сусветнай вайны. Тады бардэлі адкрываліся на кожным кроку, і магчыма, што там была нейкая тусоўка вайсковых прастытутак”.

У гэтым доме мясціўся паліцэйскі ўчастак, працавала прыватная гімназія і дзяржаўная музычная школа. Непасрэдна перад рамонтам ён належаў Камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама, які і замовіў будаўнічыя працы.







Натуральна, вядуцца яны традыцыйным для Беларусі чынам:



Будаўнік: “Старая цэгла будзе мяняцца на новую. А якая ў старой каштоўнасць?”

Разам ідзем унутр дома, дзе поўным ходам ідзе будоўля. Там-сям побач са стогадовай цэглай лёгка заўважныя сучасныя матэрыялы. У некаторых месцах з іх збудаваныя новыя сцены.







Сцены са старой цэглы закрываюцца металічнай сеткай. Іх схаваюць за сучаснымі аддзелачнымі матэрыяламі.



Будаўнік: “Тут былі старыя, драўляныя перакрыцці. Памянялі на новае. Так што ўнутры ўсё застаецца. Толькі памяняць бэлькі і ўсё”.



На думку Захара Шыбекі, класці сучасную цэглу побач са старой пры рэстаўрацыі такіх будынкаў няправільна:

Захар Шыбека: “Рэстаўрацыя мусіць весціся з дапамогай матэрыялаў, блізкіх да аўтэнтычных — а не сучаснай цэглай. Гэта робіцца вельмі проста: бярэцца хімічная проба з цэглы, і пасля цэгла ў патрэбнай колькасці вырабляецца ўручную. У Мінску захаваліся старыя кар’еры цагляных заводаў, з якіх гліну для цэглы бралі сто гадоў таму. Вытворчасць матэрыялаў, прыдатных для выкарыстання на рэстаўрацыі, можна было б наладзіць хутка і танна. Але на гэта ніхто не звяртае ўвагі, і ўносяць у старыя будынкі жалезабетон, стальныя пруты і г.д.”

Адным словам — еўрарамонт: каб зручна было працаваць чыноўнікам з Камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама і каб звонку будынак выглядаў, нібыта стары. Але вось гэтае “нібыта” добра разумеюць турысты, якія вандруюць па свеце ў пошуках часцінак даўніны.

З сапраўднай разынкі Мінска дом №5 па вуліцы Кірава ператвараецца ў шараговы муляж, не цікавы ні гісторыкам, ні аматарам гарадскіх славутасцяў.