З Брэсцкага ўніверсітэта звальняюць апошніх чальцоў незалежных прафсаюзаў

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце спяшаюцца да пачатку заняткаў пакончыць з суполкай Свабоднага прафсаюза Беларускага. Выкладчык музыкі Алег Галенка адмовіўся выходзіць з прафсаюза. Педагог патлумачыў Еўрарадыё:

Галенка: Выклікаў рэктар, сказаў, маўляў, альбо выходзіце  з прафсаюза, і мы супрацоўнічаем, альбо мы не супрацоўнічаем. Таму я заўтра іду на працу і пішу заяву на звальненне. Я сам прымаю рашэнні для сябе. Гэта не таму, што яны не хочуць са мной супрацоўнічаць. Гэта я не хачу з імі супрацоўнічаць.

Спадар Галенка вядомы тым, што арганізаваў баянны аркекстр. Вядомы ён і сваім адказам прарэктару Ганне Сендзер на прапанову выйсці з прафсаюза: “Так вы мне і жонку пачнеце выбіраць”. Цяперашнюю сітуацыю чалец Свабоднага прафсаюза ацэньвае так:

Галенка: Абодва прафсаюзы мала што могуць зрабіць для абароны людзей. Хай бы проста ўлады выконвалі Канстытуцыю.

Дарэчы, выкладчык Брэсцкага ўніверсітэта — "чысты" прафсаюзнік. Брэсцкія сацыял-дэмакраты, блізкія да прафсаюзу, скардзіліся на Алега Барысавіча: адмаўляўся дапамагаць у выбарную кампанію. Але "зачыстка" не мінае нікога.

“Пры Шушкевічы” суполка СПБ налічвала ва ўніверсітэце больш за сто чалавек. Цяпер засталося  восем, дый тых у розны час пазбавілі працы ва ўніверсітэце.