З незаконна адлічанага студэнта робяць чарговага "палітпрызыўніка"?

Актывісту выбарчага штаба Уладзіміра Някляева мінчуку Уладзіміру Кумцу прыйшла позва ў ваенкамат. Перад гэтым хлопца незаконна адлічылі з Міжнароднага гуманітарнага эканамічнага ўніверсітэту. Як паведамляла Еўрарадыё, гендырэктар універсітэта Аляксандр Алпееў паабяцаў аднавіць Кумца.
Аднак цяпер аднаўленне студэнта затрымліваецца. А заміж студэнцкай лавы яму "свеціць" казарма.

Кумец: "Алпееў сказаў, што зараз мяне не можа ўзнавіць, а толькі пасля 25 студзеня. Але ён абмовіўся. Ён сказаў маёй маці, што калі яму патэлефануе міністр адукацыі ці намеснік міністра, то ён узновіць мяне адразу ж".

Цяпер Кумец праходзіць незалежны медагляд, бо мае сумнеў у сваёй прыдатнасці да службы ў войску. Нагадаем, на пачатку 2008 года такім самым чынам быў выключаны з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта актывіст Партыі БНФ Зміцер Жалезнічэнка. Пасля выключэння яго прызвалі ў войска. І хаця адлічэнне суд прызнаў незаконым, аднак хлопца ўсё адно адправілі ў войска.

Дарэчы, па словах Кумца, кіраўніцтва ўніверсітэту звольніла з працы выкладчыка, які паведаміў пра падробку ў ведамасцях. Выкладчыкі, якія зрабілі падробку, каб выключыць Кумца з ліку студэнтаў, працягваюць працаваць ва ўніверсітэце.