З сённяшняга дня адмяняюцца абмежаванні на гандлёвыя надбаўкі

29 кастрычніка адмяняюцца абмежаванні гандлёвых надбавак на большасць тавараў, у тым ліку імпартных.
Сёння набывае моц пастанова Мінэканомікі Беларусі № 141. Абмежаванні будуць дзейнічаць толькі для сацыяльна значнай прадукцыі з 50 пазіцый — гэта прадукты, тавары для дзяцей і лекі.

Пастанова таксама адмяняе абмежаванні гандлёвых надбавак на імпарт за выключэннем прадукцыі, прызначанай для ўласнай вытворчасці, перапрацоўкі на давальніцкіх умовах, а таксама тавараў, уключаных у згаданы пералік.

Раней агульная надбаўка на імпартныя тавары не магла перавышаць 60% — не больш за 30% для імпарцёраў, яшчэ 30% — для аптовага і рознічнага гандлю, інфармуе БелаПАН.

На думку экспертаў, гэты дакумент не вырашыць пытанні коштаўтварэння, паколькі цэны на тавары ўсё адно давядзецца ўзгадняць з органамі ўлады.