З-за ўрагану вёску на Гродзеншчыне на 2 дні адрэзала ад “вялікай зямлі”

Паваленыя дрэвы заблакавалі дарогі, а жыхары засталіся без электрычнасці, вады і дапамогі. Жыхары вёскі Паташня Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці з-за ўрагану засталіся адрэзаныя ад “вялікай зямлі”. Людзі два дні вымушаныя былі сядзець без святла і вады.

“Калі была першая хваля ўрагану, там слупы паваліла, дрэвы. У выніку жыхары засталіся без святла і вады. І ніхто ім на дапамогу не ішоў. Суткі яны прасядзелі без святла. Толькі пазней ім падключылі святло і толькі ў аўторак у іх з’явілася вада — ім сталі падвозіць ваду машынай”, — распавяла Еўрарадыё Марына, якая акурат у гэтыя дні наведала сваякоў.

Вёска Паташня невялікая, прыблізна, 15 хат. Замест крамы прыязджае аўталаўка, адзін раз на месяц прывозяць пошту. Ураган паваліў дрэвы, якія перагарадзілі пад’язныя дарогі, і некалькі дзён у вёску не маглі патрапіць ні аўталаўка, ні хуткая дапамога, ні, відаць, самі ратавальнікі. Бо, паводле словаў Марыны, з’явіліся супрацоўнікі МНС у Паташні толькі праз два дні. І пачалі здымаць з дахаў дамоў паваленыя дрэвы.

Марына: “Пачалі тэлефанаваць у МНС, а ім казалі: “У вашым раёне ўжо працуюць”. Хто працуе, як працуе — ніхто не ведае. Потым пачалі казаць, што ідуць працы па аднаўленні лініі святла, потым — што ідуць працы па расчыстцы дарогі. Прыбіралі завалы, дрэвы пілавалі. У выніку толькі ў аўторак у іх з’явіліся адзін ці два ратавальнікі, якія аднаўлялі лінію электраперадачы. Бліжэй да вечара пачалі прыбіраць дрэвы. І дрэвы яны прыбралі толькі ў сераду бліжэй да абеду”.

Дзяўчына распавядае, што на хаце яе сваякоў паваленай яблыняй папсавала шыфер. Але пакуль ратавальнікі нават не спрабавалі паправіць дах. У вёсцы жывуць выключна сталыя людзі і самі гэта зрабіць яны не могуць.

Чаму так павольна ідуць працы па выпраўленні наступстваў урагану ў вёсцы Паташня, Еўрарадыё запытала ў дзяжурнага на раённым участку МНС у Іўі. Але нечакана высветлілася, што ў Іўеўскім раёне ўрагану не было і ён нічога не папсаваў.

Дзяжурны МНС: “Не было нічога. У Іўеўскім раёне урагану не было!”

І пра вёску Паташня ды пра тое, што там адбываецца, дзяжурны таксама нічога не ведае.

А галоўны спецыяліст цэнтра прапаганды і навучання пры Гродзенскім абласным упраўленні МНС Вадзім Хатэнка выказаў меркаванне, што вёска Паташня пацярпела ад урагану не 8 жніўня, а яшчэ 28 ліпеня. А паколькі там няма ніякіх сацыяльна значных аб’ектаў, шпіталя ці фермы, а жыццю жыхароў адсутнасць святла і вады не пагражала, то і чарга выпраўляць там наступствы дайшла толькі цяпер. Хаця пакуль яшчэ не падключылі да святла і тых, хто пацярпеў 8 жніўня.

Вадзім Хатэнка: “Яшчэ не на 100% падключаныя дамы ўсе. Фермы, да прыкладу, і шпіталі даўно падключылі. А з жылымі дамамі ў вёсачках яшчэ ёсць пытанні. На ўчарашні дзень такіх непадключаных засталося дзесьці 22%. Што тычыцца Іўеўскага раёна, то ў нас узмацненне ветру было зафіксавана 8 чысла. 8 чысла яны ў гэты вецер не патрапілі. А выратавальнікі да іх дабраліся ў апошнюю чаргу, бо ў нас яшчэ быў вецер зафіксаваны 28, калі не памыляюся, ліпеня. І вось тады ў іх пашкоджана нешта было. І яны стаялі, так бы мовіць, на чарзе”.

Як адзначае Марына, сваякі якой жывуць у вёсцы Паташня, у тым, што ратавальнікі туды дабіраюцца ў апошнюю чаргу, няма нічога дзіўнага: жыхароў мала, у асноўным — сталыя людзі і некалькі заядлых аматараў алкаголю. Таму ратавальнікі асабліва і не спяшаюцца дапамагаць тым, хто не можа паскардзіцца. І толькі ўлетку, калі там ёсць госці са сталіцы, якія пачынаюць турбаваць МНС тэлефанаваннямі, дапамога прыходзіць крыху хутчэй.

Дарэчы, паводле звесткак ратавальнікаў, у выніку урагану, што прайшоў над Беларуссю ў мінулыя выхадныя, без электрычнасці засталіся 2555 населеных пунктаў. У 66 з іх святла няма да гэтага часу.