Заіка: Калі цалкам выканаць дырэктыву №4, Мінэканомікі стане непатрэбным

На думку эканаміста, сам па сабе дакумент добры, але да яго выканання эксперт ставіцца скептычна. Дырэктыва №4 аб лібералізацыі прадугледжвае спрашчэнне падатковай сістэмы, ліквідуе адміністратыўныя бар’еры, а таксама павінна заахвоціць прадпрымальнікаў не арандаваць памяшканні, а набываць іх. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур.

"Інстытут арэнды будзе дарэчны на рынку жылля, у тым ліку другаснага… А там, дзе гаворка ідзе пра вытворчасць прадукцыі, тавараў, работ і паслуг, дзе ствараюцца дадатковыя даброты, —там прадпрымальнікам трэба сыходзіць ад арэнды, ім лепш мець такія плошчы ва ўласнасці".

Паводле словаў намесніка міністра, дакумент сур'ёзна накіраваны на ліквідацыю адміністратыўных бар'ераў, асабліва на месцах.

Андрэй Тур: “…Не дапускаць ў дачыненні юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў выкарыстання адміністратыўных працэдур, якія не прадугледжаныя ў законах, міжнародных дамовах, рашэннях прэзідэнта або ўрада”.

Іншыя органы ўлады адгэтуль пазбаўлены такога права.

Андрэй Тур
: “Ніводзін орган улады — на месцах у першую чаргу — не мае права ўводзіць нейкія дадатковыя абмежаванні і адміністратыўныя бар'еры”.

Падатковая сістэма павінна быць спрошчанай і празрыстай.

Андрэй Тур таксама адзначыў, што мікраарганізацыі, якія карыстаюцца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання, змогуць спрошчана весці бухгалтарскі ўлік, калі іх даход не будзе большым за 12 мільярдаў.

Мінэканомікі бліжэйшым часам распачне падрыхтоўку праекта плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы №4.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, 31 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву №4. Мяркуецца, што дакумент "накіраваны на далейшую лібералізацыю эканомікі". Нагадаем, намеснік міністра эканомікі абяцаў, што Дырэктыва будзе прынятая да выбараў.

Заіка: Дырэктыва — гэта не закон

Эканаміст Леанід Заіка кажа, што ставіцца да дырэктывы скептычна.

“Лукашэнка не вельмі і хацеў яе падпісваць... Калі хтосьці 31 чысла падпісвае дырэктыву — гэта значыць, рабіць няма чаго, ёлка, Новы год, шампанскае кісне… Ну, тут і дырэктыву можна падпісаць, каб не чапляліся.

Таму вялікае значэнне гэтай дырэктыве я б надаваць не стаў. Дырэктыва — гэта не закон. Дырэктыва заклікае ўсіх спрыяць яе рэалізацыі. Нас заклікаюць”.

Згодна са словамі эканаміста, сам па сабе дакумент добры, і калі ён будзе выконвацца, то Міністэрства эканомікі стане непатрэбным.

Леанід Заіка: “Да гэтага праслаўлялася адміністратыўная эканоміка, геніяльнае дзяржаўнае рэгуляванне, якім адрознівалася Міністэрства эканомікі і асабіста Андрэй Тур. А цяпер, мне падаецца, калі ўсё гэта рабіць, то Міністэрства эканомікі ўвогуле не будзе патрэбнае. Яго можна будзе закрыць”.

Дакумент пісалі адны людзі (ён быў скапіраваны з нацыянальнай платформы бізнесу), урад цяпер іншы... Атрымаецца так, што кампазітар адзін, аркестр — іншы, а выканаўца будзе нейкі народны, — падсумаваў Леанід Заіка.

Фота: telegraf.by