Замежныя інвестары больш не баяцца Мытнага саюза

Замежныя інвестары пачынаюць прызвычайвацца да Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. Прынамсі, яго больш  не ўспрымаюць як пагрозу для будучых інвестыцыяў.

“Пытанні наконт Мытнага саюза даводзіцца чуць ад замежнікаў вельмі часта, ― распавёў на брыфінгу ў Міністэрстве эканомікі намміністра Андрэй Тур. ― Але бачна, як з часам змяняецца іх “танальнасць”. Раней пыталіся, што пагражае інвестыцыям у Мытны саюз. Цяпер пытаюцца, як найлепш, найбольш выгадна ў яго інвеставаць”. На 17 лістапада ў Франкфурце-на-Майне запланаваны Беларускі інвестыцыйны форум. Ён пройдзе ў фармаце двух пленарных паседжанняў з тэмамі “Чаму выгадна інвеставаць у Рэспубліку Беларусь” і “Як выгадна інвеставаць у Рэспубліку Беларусь”, і чатырох секцыяў.

“У межах секцыяў запланавана разгледзець пытанні інвестыцыйнай прыцягальнасці банкаўскай сферы, новых магчымасцяў інвеставання ў межах Мытнага саюза Расіі, Беларусі і Казахстана, а таксама “зялёны рост”: напрамкі прыцягнення інвестыцыяў з пункту гледжання энергаэфектыўнасці, магчымасцяў экалогіі і альтэрнатыўных крыніцаў энергіі”
, ― дадаў спадар Тур.

Чакаецца, што ўдзел у форуме возьме прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.