Завяршылася расследаванне справы актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуры

Завяршылася расследаванне справы актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуры. Яго адвакат Тамара Сідарэнка кажа, што ў канчатковым выглядзе абвінавачанне не змянілася. Па яе словах, у панядзелак 6-га верасня справа будзе перададзеная ў пракуратуру, і праз пэўны час трапіць у суд, паведамляе Радыё Свабода. Тамара Сідарэнка адразу пасля азнаямлення яе падабароннага са справай падала следству хадайніцтва аб змене меры стрымання на падпіску аб нявыездзе. Хадайніцтва будзе разгледжанае цягам некалькіх дзён. Ранейшыя спробы адваката абскардзіць пастанову аб утрыманні Башуры пад вартай выніку не далі. Таксама адвакат хадайнічала аб закрыцці справы наогул, паколькі лічыць Міхася Башуру невінаватым.

У кампаніі «Гавары праўду» кажуць пра пераслед свайго актывіста з палітычных прычын.

Нагадаем, каардынатара кампаніі «Гавары праўду» Міхася Башуру арыштавалі 6 жніўня паводле падазрэння ў падробцы даведкі аб прыбытках для атрымання крэдыту. Сам Башура кажа, што памыліўся: ён не бухгалтар, вось і ўнёс у даведку недакладныя звесткі.