Зельцэр вылецеў у ЗША, так і не пабачыўшы ўказа аб памілаванні

Раніцай першага ліпеня амніставаны ўказам Лукашэнкі грамадзянін ЗША Эмануіл Зельцэр вылецеў з мінскага аэрапорта ў Злучаныя Штаты. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў яго адвакат Дзмітрый Гарачка.
Дзмітрый Гарачка: “Гэта быў найкарацейшы і найхутчэйшы шлях, каб пакінуць Беларусь. Калі быў самалёт у 12 гадзінаў ночы, то ён бы вылецеў на ім”.

Па словах адваката, Эмануіл Зельцэр не тое, што на рукі не атрымаў, але нават не бачыў на ўласныя вочы ўказа беларускага прэзідэнта аб яго памілаванні. Дакладна, як і ў выпадку з былымі палітвязнямі Аляксандрам Казуліным і Андрэем Клімавым.

Дзмітрый Гарачка прызнаўся, што дакладна не ведае, які на сённяшні дзень стан здароўя ў амерыканца, але ўпэўнены, што па вяртанні дахаты Зельцэру давядзецца сур’ёзна яго папраўляць.