Знайшлі хлопчыка, які згубіўся ў Петрыкаўскім раёне чатыры дні таму

Пасля чатырохдзённых пошукаў знойдзены 11-гадовы хлопчык, які згубіўся ў лесе Петрыкаўскага раёна. Яго знайшлі ў другой палове дня 21 ліпеня. Як нагадвае БелаПАН, раніцай 18 ліпеня хлопчык адправіўся з мамай у лес у ягады і знік. Яго шукалі больш за 40 чалавек, у тым ліку міліцыянты, выратавальнікі, вайскоўцы ўнутраных войскаў, леснікі. Для пошукаў нават выкарысталі верталёт. Пошук ускладняўся тым, што дзіця з нараджэння пакутуе на сіндром Даўна.

Знайшоў хлопчыка бацька - у лесе за пяць кіламетраў ад вёскі і за 2,5 кіламетры ад месца знікнення. Дзіця сядзела на купіне ў забалочанай мясцовасці і адгукнулася на крык бацькі, які разам з пошукавай групай прачэсваў лес.

Хлопчыка агледзелі медыкі і прызналі яго стан здавальняючым, цялесных пашкоджанняў не выявілі. Дзіця ўжо адпусцілі дадому.