Зніклага ў Смаргоні школьніка знайшлі праз 6 дзён у Маладзечне
11-гадовы хлопчык быў у 37 кіламетрах ад дома.
БЕЛТА адзначае, што ён жывы і здаровы. Як і меркавалася, хлопчык самастойна ўцёк ад бацькоў. Шасцікласніка заўважылі ў маладзечанскім супермаркеце — па арыентыроўцы, змешчанай у інтэрнэце, яго пазнала дзяўчынка. Яна расказала сваёй маці, а тая звязалася з праваахоўнікамі і валанцёрамі з пошукава-выратавальнага атрада "Анёл".
Міліцыянты знайшлі хлопчыка ў двары аднаго з дамоў. Уцякач патлумачыў, што ў дзень свайго знікнення (23 кастрычніка) ён сеў у Смаргоні ў цягнік і прыехаў у Маладзечна. Начаваў ён у пад'ездах жылых дамоў, а кармілі яго падлеткі, з якімі пазнаёміўся. Рашэнне з'ехаць з горада хлопчык прыняў пасля таго, як размаляваў сцены ў школе і дырэктар правёў з ім прафілактычную гутарку.
Фота — kp.by