11:23 Спецыялісты прагназуюць рост інвестыцый з Латвіі ў беларускую эканоміку

Паводле звестак беларускай статыстыкі, летась аб'ём прамых латвійскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі склаў прыкладна 151 мільён долараў. Сёлета чакаецца іх далейшы рост. Пра гэта паведаміў першы сакратар латвійскай амбасады ў Беларусі Дайніс Фрэйманіс.

Паводле яго слоў, латвійскі бок звязвае гэтыя чаканні з "некаторымі зменамі ў прадпрымальніцкім асяроддзі", у прыватнасці з магчымасцю для замежных інвестараў браць удзел у прыватызацыі буйных аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці ў Беларусі, аб чым неаднаразова заяўляла кіраўніцтва краіны.

Апрача таго, латвійскі бізнес ужо адчуў "больш пазітыўныя адносіны" з боку мясцовых органаў улады, напрыклад падчас арганізацыі прамых паветраных зносінаў паміж Рыгай і Гомелем, зазначыў дыпламат.

Амбасадар таксама адзначыў тэндэнцыю сустрэчнага росту беларускіх інвестыцый у латвійскую эканоміку.

За дзевяць месяцаў мінулага года ў эканоміку Латвіі было прыцягнута прыкладна 9 мільёнаў долараў беларускіх інвестыцый. На тэрыторыі гэтай краіны дзейнічаюць 309 кампаній з удзелам беларускага капіталу.

Беларусы найчасцей укладваюць грошы ў фінансавую сферу, гандаль, аказанне кансультацыйных паслуг, харчовую галіну і нерухомасць.

Рост прысутнасці беларускага капіталу непасрэдна звязаны з тым, што пасля ўступлення Латвіі ў ЕС тавары, вырабленыя на тэрыторыі гэтай краіны, бяспошлінна прадаюцца на рынках 26 краін Еўропы.

Апрача таго, прадпрыемствы, зарэгістраваныя ў Латвіі, могуць браць удзел у конкурсах на атрыманне грантаў ЕС для развіцця свайго бізнесу.