Стала вядома, хто ўваходзіць у камісію, якая забараняе кнігі ў Беларусі

Лідзія Ананіч

Лідзія Ананіч

Журналісты даведаліся, хто ўваходзіць у камісію, якая забараняе кнігі ў Беларусі. У яе складзе 22 чалавекі, у тым ліку сілавікі — супрацоўнікі спецслужбаў, аператыўнікі, мытнікі, памежнікі і ваенныя ідэолагі, піша "Наша Ніва".

Рэспубліканская камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі была створаная пры Мінінфармацыі ў кастрычніку 2021 года.

Узначальвае камісію былая міністарка інфармацыі Лідзія Ананіч.

Намеснікам старшыні камісіі з'яўляецца Дзяніс Язерскі — цяперашні намеснік міністра інфармацыі. Ён мае тэхнічную адукацыю, але кар'еру рабіў па ідэалагічнай лініі — кіраваў раённым камітэтам БРСМ і з часам заняў пасаду галоўнага ідэолага Гомельскай вобласці.

Таксама ў камісію ўваходзяць супрацоўніцы Мінінфармацыі Анастасія Кудрэйка (сакратар камісіі) і Ларыса Мяльгуй (у міністэрстве яна займае пасаду загадчыцы сектара кантролю за заканадаўствам у СМІ).

Ёсць у камісіі прадстаўнікі ГУБАЗіКа (два начальнікі аддзелаў — Дзяніс Ільяшэвіч і Арцём Шкробат), Следчага камітэта (начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Сяргей Кабаковіч), Памежнага камітэта (два чалавекі, у тым ліку намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Максім Літвінскі), Мытнага камітэта (начальнік аддзела мытных расследаванняў Юрый Дырман). Вайсковую акадэмію прадстаўляюць палкоўнік Сяргей Глазырын і Аляксандр Гараднічэнка, а таксама прафесар Уладзімір Макараў (былы прэс-сакратар Мінабароны). Ёсць прадстаўнік КДБ, але яго імя не называецца.

Тэхнічную экспертызу тэкстаў забяспечвае загадчыца лабараторыі Дзяржкамітэта судовых экспертыз Юлія Яроцкая: яна спецыялізуецца на выяўленні "дэструктыўнай сімволікі".

Таксама ў камісію ўваходзяць былы генпракурор Рыгор Васілевіч і кіраўнік канала АНТ Ігар Луцкін.

Адукацыю ў камісіі прадстаўляюць супрацоўніца Дзяржаўнай акадэміі адукацыі Галіна Нікалаенка, галоўная навуковая супрацоўніца лабараторыі гуманітарнай адукацыі Людміла Філіповіч, начальніца Цэнтра сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы, а таксама загадчыца кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ Надзея Шышкіна.

Трапіла ў камісію і супрацоўніца Акадэміі навук — Вольга Папко з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, якая была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Таксама ёсць у камісіі Мікалай Сухоцкі — выхадзец з Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, што займаецца ідэалагічным абслугоўваннем улады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.