12:40 Хакеісты мінскага "Юнацтва" склалі чэмпіёнскія паўнамоцтвы

У фінальнай серыі адкрытага чэмпіянату краіны па хакеі згуляюць мінскія клубы "Керамін" і "Дынама". 15 сакавіка ў чацвёртым паўфінальным матчы дынамаўцы выйгралі ў леташняга чэмпіёна "Юнацтва" 5:1 і атрымалі перамогу ва ўсёй серыі - 3:1. Шайбы ў апошняй гульне закінулі: Аляксей Мурзін (2-я хвіліна), Андрэй Глебаў (40-я, у большасці), Максім Балмачных (42-я), Аляксандр Кулакоў (59-я, у большасці), Андрэй Макроў (59-я) - у "Дынама", Андрэй Кавалёў (4-я, у большасці) - у "Юнацтва". 10 сакавіка выйграла "Дынама" - 3:2, 11 сакавіка - "Юнацтва" з такім жа лікам, 14 сакавіка - "Дынама" - 6:0.

Такім чынам, "Юнацтва", якое тры гады запар перамагала ў першынстве, склала чэмпіёнскія паўнамоцтвы. Між тым, адразу пасля заканчэння паўфінальнай серыі “Юнацтва” аўтаматычна заняла трэцюю пазіцыю ў чэмпіянаце, паколькі мела большую колькасць ачкоў напярэдадні плэйофа.

Дарэчы, бронзавыя медалі для хакеістаў “Юнацтва” стануць апошняй узнагародай на чэмпіянаце Беларусі. З наступнага сезона клуб аб’ядноўваецца з мінскім “Дынама” і будзе ўдзельнічаць у расійскім першынстве.

Першы фінальны матч паміж "Керамінам" і "Дынама" адбудзецца 20 сакавіка. Серыя праводзіцца да чатырох перамог адной з каманд.