16:33 У Бярозе сямікласнік, узброены нажом, напаў на прадаўца

У Бярозе 14-гадовы школьнік учыніў разбойны напад на прадаўца гандлёвага павільёна. Як паведамілі у Бярозаўскім РАУС, раніцай 23 сакавіка сямікласнік увайшоў у гандлёвы павільён і пад пагрозай нажа запатрабаваў у прадаўца выручку. Забраўшы грошы, ён кінуўся бегчы, спрабуючы схавацца ў раёне прыватных жылых дамоў. Прадавец адразу ж звярнулася па дапамогу да супрацоўнікаў міліцыі.

Праз 10 хвілін злачынцу затрымаў нарад патрульна-паставой службы. У яго былі канфіскаваны нож і выручка - прыблізна 100 тысяч рублёў. Следчым аддзяленнем у дачыненні да школьніка распачата крымінальная справа за разбой, што прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў. Школьнік змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Даючы паказанні, ён паведаміў следчаму, што яму патрэбны былі грошы, каб паехаць да хворай бабулі ў Баранавічы. Рашэнне здабыць сродкі на паездку такім чынам прыйшло спантанна. Школьнік, які жыве ў вёсцы Зарэчча, не знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.