19 снежня ўвойдзе ў гісторыю Беларусі як крывавая нядзеля
"19 снежня 2010 года ўвойдзе ў гісторыю Рэспублікі Беларусь як крывавая нядзеля.
У гэты дзень былі жорстка збітыя тысячы мірных грамадзян Беларусі", — гаворыцца ў заяве бюро Цэнтральнага камітэта Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", што паступіла ў БелаПАН.
Бюро ЦК Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" рашуча асуджае неабгрунтаванае прымяненне сілы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту і іншых людзей. Заклікае ўлады неадкладна вызваліць усіх затрыманых. Патрабуе дакладнага расследавання фактаў і прыцягнення да адказнасці асоб, вінаватых у бяздзеянні сілавых структур па спыненні правакацыйных дзеянняў асобных хуліганаў і ў жорсткім збіванні мірных грамадзян, у тым ліку тых, хто не ўдзельнічаў у шэсці і мітынгу, а таксама журналістаў. Патрабуе ўстанаўлення і прыцягнення да адказнасці канкрэтных хуліганаў, якія разбілі шыбы ў Доме ўрада. Выказвае пратэст супраць скажонага асвятлення здарэння дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі. Заклікае ўлады няўхільна выконваць дэмакратычныя свабоды і правы чалавека, гарантаваныя Канстытуцыяй.