24 снежня ў Трасцянцы асвяцяць памятны крыж ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму
На 24 снежня запланаванае асвячэнне ў Трасцянцы пад Мінскам памятнага крыжа на месцы забойства дзеяча нацыянальнага адраджэння, палітыка і публіцыста, перакладчыка і выдаўца ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Менавіта 24 снежня 1942 года яго расстралялі супрацоўнікі нямецкай службы бяспекі. Памятны знак уяўляе сабой павялічаную копію крыжа Еўфрасінні Полацкай. Драўляны крыж вышынёй у 3,5 метра зроблены з сасновага бруса. На ім будуць усталяваныя мемарыяльныя таблічкі з дуба і металу. На адной з таблічак змешчаны тэкст “Святому пакутніку Беларусі кс. Вінцэнту Гадлеўскаму ад клуба “Спадчына”. У цэнтры крыжа таксама змешчаны абраз іконы Маці Божай Вастрабрамскай, паведамляе БелаПАН.