9 мінскіх прадпрымальнікаў мусяць вярнуць дзяржаве субсідыю на бізнес

Дзевяцярым мінчукам, якія атрымалі субсідыю на адкрыццё сваёй справы, прапанавана вярнуць гэтыя грошы. Кожны з іх атрымаў па 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму. Прычым са штрафам і папраўкай на інфляцыю сума складзе каля трох мільёнаў рублёў. Як паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны", прычына – невыкананне дамоўных абавязанняў. Беспрацоўныя не змаглі пачаць на працягу года прадпрымальніцкую дзейнасць і пачаць плаціць адпаведныя падаткі.

Напрыклад, адзін жадаў адкрыць свой міні-маркет, але "не пацягнуў" арэнду памяшкання. Іншы збіраўся сесці за руль уласнага таксаматора, але з-за дрэннага стану аўтамашыны атрымаў адмову ў выдачы ліцэнзіі. Яшчэ адзін мінчук сутыкнуўся з цяжкасцямі пры арганізацыі будаўнічых работ.

Адсотак няўдачнікаў, аднак, невялікі, кажуць чыноўнікі Мінгарвыканкаму: 174 бізнэсмэны-пачаткоўцы, якія атрымалі ў 2009 годзе субсідыю, паспяхова "стартавалі", і дзяржава ім падарыла гэтыя грошы.