Абама: Я лічу, што ў будучыні не павінна быць наогул краін з ядзернай зброяй

Прэзідэнт ЗША Барак Хусейн Абама звярнуўся да мусульман. Еўрарадыё прасачыла за выказваннямі, якія сарвалі самыя бурныя авацыі.
Амерыканскі прэзідэнт Барак Абама выступіў з прамовай да мусульманскага свету ў Каірскім універсітэце. Ад звароту ў Егіпце чакалі заяў аб новай палітыцы ў дачыненні да Ўсходу, якая была сапсаваная ранейшай адміністрацыяй. Еўрарадыё паспрабавала вылучыць асноўныя заявы Абамы, якія атрымалі найбольш авацый.

Абама шмат казаў пра Каран. І пачаў казаць таксама цытатай з Карана:

"Бойся бога і кажы толькі праўду".
 
"І я буду казаць праўду, наколькі гэта магчыма", — працягнуў Абама.

У свеце склаліся няправільныя ўяўленні аб мусульманскім свеце, Барак Абама звярнуў увагу на неабходнасць разбураць стэрэатыпы:

"Мая задача як прэзідэнта ЗША змагацца з няправільнымі стэрэатыпамі пра іслам. Але гэтак жа трэба руйнаваць стэрэатыпы пра Амерыку. Мы — не імперыя. Мы самі з'явіліся на карце света пасля рэвалюцыі, накіраванай супраць імперыі".

Казаў Абама і пра неабходнасць супрацоўніцтва Ўсходу і Захаду.

"Нашая задача — супрацоўнічаць, кааперавацца і разам ісці да прагрэсу".

Новы прэзідэнт ЗША закрануў і войны, што распачаліся пры старой адміністрацыі, і выказаў сваё стаўленне да іх.

"Вайна ў Аўганістане была вымушаная. Тэрарысты забілі тысячы нявінных людзей і ўзялі на сябе адказнасць за гэта. Каран вучыць, што той, хто забіў невінаватага, — той забіў усё чалавецтва. А хто выратаваў чалавека, той выратаваў увесь свет".

"Вайна ў Іраку была вайной па выбары. І яна ўспрымаецца неадназначна як ва ўсім свеце, так і ў ЗША. Я думаю, што іракцам лепш жыць без тыраніі Хусейна. Але гэтая вайна так жа нагадвае Амерыцы, што трэба часцей выкарыстоўваць дыпламатыю".

"Мы хочам пакінуць Ірак іракцам. Мы будзем дапамагаць як сябры, але не як гаспадары. Таму я загадаў вывесці войскі да 2012 году".

Сказаў гэтак жа Абама і пра дэмакратыю ў ЗША.

"Тое, што прэзідэнтам ЗША стаў сын кенійца Барак Хусейн Абама, ужо кажа пра тое, што ў нас ёсць дэмакратыя".

Перад выбарамі другое імя Абамы — Хусейн — асабліва не ўзгадвалі, лічылася, што гэтае імя мусульманскага паходжання можа нашкодзіць рэйтынгу. Але апынулася, наадварот.

Прызнаў прэзідэнт ЗША і тое, што не заўсёды дэмакратычная краіна паступала дэмакратычна.

"Часам мы паступаем супраць сваіх перакананняў, але гэта не правільна. Гэта трэба змяняць, таму мы зачынілі базу ў Гуантанама".

Гэтак жа быў закрануты канфлікт Ізраіля і Палестыны.

"Амерыка ніколі не павернецца спіной да імкнення палестынцаў атрымаць уласную дзяржаву. ЗША не падтрымлівае легітымнасць далейшага будаўніцтва ізраільскіх паселішчаў. Гэта парушае мір. Гэта трэба спыніць. Мы будзем падтрымліваць тых і будзем супрацоўнічаць з тымі, хто імкнецца да міру. І мы адкрыта кажам гэта і палестынцам, і ізраільцянам. Адзінае выйсце для гэтых двух народаў — гэта стварыць дзве дзяржавы, дзе людзі будуць жыць у міры. Калі Іерусалім стане домам для ўсіх, то ўсе яны аб'яднаюцца ў адзінай малітве".

Пра стасункі ЗША і Ірана і немагчымасці стварэння там ядзернай зброі.

"Я разумею, што існуюць краіны, у якіх ёсць ядзерная зброя. Але я так лічу, што ў будучыні не павінна быць наогул краін з ядзернай зброяй."

Тэма аб правах жанчын сарвала авацыі, як толькі Абама сказаў:

"Яшчэ я хачу закрануць пытанне аб правах жанчын".

"Я аспрэчваю меркаванні на Захадзе, што жанчына, якая схавала свае валасы, мае менш правоў. Але не тая жанчына, якая адмовілася вучыцца", — сказаў Барак Абама, — "Нашыя дочкі змогуць зрабіць такі самы ўклад у грамадства, як і нашыя сыны".

Падчас выступу часам было чуваць свіст. Але авацый усё ж было нашмат болей. Праводзілі Абаму апладыруючы стоячы.


Фота: Reuters