Ад злачыннай сеткі "таемных пакупнікоў" пацярпелі 40 тысяч работнікаў гандлю
Крама, ілюстрацыйнае фота / Office Life
Больш за дзесяць гадоў у Беларусі працавала маштабная злачынная схема ў сферы абароны правоў спажыўцоў. У ёй было задзейнічана каля 20 фіктыўных арганізацый і прыкладна 60 удзельнікаў. Пацярпелымі ад дзеянняў махляроў лічацца больш за 40 тысяч работнікаў гандлю. Пра гэта выданню "Онлайнер" расказаў намеснік начальніка ўпраўлення Цэнтральнага апарату СК Канстанцін Глаўніцкі.
Ілжэкантралёры прыходзілі ў крам, шукалі пратэрмінаваныя прадукты ці іншыя парушэнні, а потым прымушалі прадаўцоў падпісваць дамовы і аплачваць лекцыі. Яны дзейнічалі ад імя зарэгістраваных кампаній, у якіх быў заяўлены шырокі набор мэтаў: абарона правоў спажыўцоў, правядзенне семінараў і лекцый і гэтак далей.
"Працавалі па двух сцэнарах: першы — вышуквалі рэальныя парушэнні правілаў гандлю, другі — маглі бесцырымонна падкідваць пратэрмінаваную прадукцыю. Як правіла, прыходзілі ў крамы па два-тры чалавекі, часам па адным. Потым яны падыходзілі да супрацоўнікаў і прапаноўвалі заключыць дамову на навучанне: семінары, лекцыі па правілах гандлю і абароне правоў спажыўцоў. І пры гэтым давалі зразумець: альбо заключаецца дагавор, альбо пра парушэнні паведамяць у кантралюючыя органы. Грошы па такіх дамовах ішлі на рахункі гэтых кампаній, сумы вар’іраваліся ад 50 да 170—200 рублёў за адну дамову. Лекцыі альбо былі фармальнымі, альбо наогул не праводзіліся", — кажа Глаўніцкі.
Паводле яго, у 2025 годзе па такіх фактах завялі 14 крымінальных спраў. Шкода па гэтых справах ацэньваецца на суму больш за 8 млн рублёў.
Следчыя выявілі каля 60 чалавек, якія ўдзельнічалі ў гэтай схеме. Больш за 40 з іх прызналі падазраванымі. Таксама следства заяўляе, што знайшло арганізатараў схемы: 13 асобам выставілі абвінавачанне па артыкуле аб вымагальніцтве ў складзе арганізаванай групы.
Глаўніцкі прызнае, што схема аказалася жыццядзейнай там, дзе парушаліся правілы гандлю. Хаця праверкамі маюць права займацца толькі дзяржорганы, але супрацоўнікі крамаў не былі зацікаўленыя ў тым, каб пасля скаргі ілжэкантралёра да іх прыйшлі сапраўдныя праверкі.
"На першых этапах яны сапраўды шукалі рэальныя парушэнні, але з часам пачалі прыносіць і падкладаць пратэрміноўку, страцілі пільнасць. Дзейнічалі як рэкет з дзевяностых. Менавіта гэтая нахабнасць у многім і стала апошняй кропляй — прадстаўнікі гандлёвых сетак пачалі звяртацца ў праваахоўныя органы", — дадае прадстаўнік Следчага камітэта.
Глаўніцкі кажа, што ў кампаніях нярэдка працавалі былыя работнікі гандлю, якія ведалі "ўнутраную кухню": як выкладаецца тавар, як рухаецца прадукцыя на паліцах, дзе прасцей схаваць пратэрміноўку.
"Былі канкрэтныя інструкцыі, свайго роду скрыпты: як сябе паводзіць, што казаць, як дабівацца патрэбнага выніку. Калі супрацоўнікі крамы адмаўляліся падпісваць дагаворы на семінары, пачынаўся ціск. Маглі пакінуць запіс у кнізе заўваг і прапаноў як звычайныя пакупнікі, напісаць скаргу ў санстанцыю, пагражаць праверкамі або агалоскай", — дзеліцца ён падрабязнасцямі.
Схема пачала дзейнічаць у Мінску, але потым пачала пашырацца на рэгіёны. Ад дзеянняў ілжэкантралёраў пацярпелі і маленькія крамы, і запраўкі, і буйныя гандлёвыя сеткі. Візіты ў некаторыя крамы адбываліся па некалькі разоў.