Адмыслоўцы прагназуюць “рыбны канфлікт” паміж Расіяй і Беларуссю

Падпісаны 30 ліпеня ўказ Аляксандра Лукашэнкі, які зацвярджае манаполію Упраўлення справамі прэзідэнта ў імпарце ў Беларусь рыбы і морапрадуктаў, ужо выклікаў незадаволенасць у Расіі. Замест таго, каб у адпаведнасці з міжурадавай расійска-беларускай дамовай усталяваць роўныя правы для суб'ектаў гаспадарання двух краінаў, беларускія ўлады нетарыфнымі метадамі абмяжоўваюць прысутнасць на рынку расійскіх кампаній. Па інфармацыі “Заўтра тваёй краіны”, згаданы вышэй указ прэзідэнта зараз вывучаецца ў расійскіх ведамствах і, хутчэй за ўсё, па выніках аналізу ў Мінск паступіць чарговая “рэкламацыя” з Масквы.

Суразмоўцы сеціўнага выдання ўпэўненыя, што прапанаваная ўказам прэзідэнта схема выклікае ў Расіі розгалас. Масква даўно спрабуе пралабіяваць роўныя правы для сваіх кампаній на беларускім рынку, прычым згода на гэта беларускага боку замацаваная адпаведнай дамовай, падпісанай сёлета ў красавіку. Тады беларускія ўлады паабяцалі, што знімуць усялякія абмежаванні для прасоўвання на нацыянальны рынак кампаній і прадукцыі з саюзнай краіны.

У прыватнасці, ужо скасаваныя абмежаванні на імпарт у Беларусь піва, урэгуляваны пытанне з адказнымі пастаўкамі беларускага цукру. З 1 кастрычніка адмяняецца кватаванне паставак тытунёвых вырабаў.

Праўда, у апошнім выпадку праблема да канца не вырашаная. У якасці адзінага спецыяльнага імпарцёра тытуню з беларускага боку прапанаваная структура ўсё таго ж Упраўлення справамі прэзідэнта. Расійцы ж жадалі самі кантраляваць імпарт тытунёвых вырабаў у Беларусь, для чаго патрабуюць частку долі ў кампаніі-імпарцёры – на парытэтных пачатках.

Няцяжка здагадацца, што нечага падобнага яны могуць запатрабаваць і па імпарце рыбы.