Адсутнасць Лукашэнкі на саміце ў Пецярбургу не паўплывае на падпісанне дакумента
Аляксандр Лукашэнка не паехаў на саміты Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і АДКБ у Санкт-Пецярбургу, якія праходзяць 26 снежня. Аднак адсутнасць беларускага кіраўніка не паўплывае на падпісанне падрыхтаваных дакументаў, перадае ТАСС са спасылкай на Дзмітрыя Пяскова, прэс-сакратара прэзідэнта Расіі.
"Усе дакументы, якія сёння падпісваюцца, раней былі цалкам узгодненыя з нашымі беларускімі партнёрамі", — патлумачыў Пяскоў. Ён дадаў, што гэтыя дакументы затым будуць накіраваныя ў Мінск на подпіс беларускаму кіраўніку.
Пяскоў распавёў, што афіцыйны Мінск загадзя паведаміў пра немагчымасць Лукашэнкі прыняць удзел у самітах у Санкт-Пецярбургу. Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта падкрэсліў, што "Беларусь была, ёсць і працягвае заставацца нашым бліжэйшым саюзнікам" і партнёрам.
Як паведамлялася раней, на саміце ЕАЭС плануецца падпісаць Мытны кодэкс.