Адвакат растлумачыў, чаму ён адправіў у Гаагу Лукашэнку, Балабу і Карпянкова

Адвакат з Варшавы Томаш Віліньскі / instagram.com/wilinski_legal
Адвакат з Варшавы Томаш Віліньскі / instagram.com/wilinski_legal

Заява на Аляксандра Лукашэнку ў Гаагскі суд — 160 старонак прававога абгрунтавання і 40 000 старонак дакументаў у дадатку. Гэты дакумент склаў і адправіў польскі адвакат Томаш Віліньскі. У яго не выклікае ні найменшага сумневу тое, што дзеянні, учыненыя Лукашэнкам, "уяўляюць сабой злачынства па міжнародным крымінальным праве".

Еўрарадыё пацікавілася ў адваката: чаму ён вырашыў адправіць справу цяперашняга беларускага кіраўніка ў Гаагу?

— Лукашэнка, яго адміністрацыя і службы парушылі многія акты міжнароднага права, у тым ліку прынятыя Рэспублікай Беларусь, — расказвае Томаш. — Гэта "Канвенцыя аб папярэджванні злачынства генацыду і пакаранні за яго", "Пратакол аб папярэджванні і спыненні гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі і дзецьмі", "Канвенцыя аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі", "Канвенцыя аб барацьбе з незаконным захопам паветраных суднаў".

Адвокат объяснил, почему он отправил в Гаагу Лукашенко, Балабу и Карпенкова
Адвакат Томаш Віліньскі / instagram.com/wilinski_legal

 — У заяве паказваецца на злачынствы, здзейсненыя супраць беларусаў і іншых нацыянальнасцяў з мэтай іх поўнага або частковага знішчэння арганізаванай злачыннай групай у мэтах рэалізацыі палітычнага тэрарызму пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі, — працягвае адвакат. — У гэтую групу ўваходзяць Іван Тэртэль, Мікалай Карпянкоў, Дзмітрый Балаба і іншыя сябры адміністрацыі рэжыму Лукашэнкі, якія выконваюць заказы і здзяйсняюць забойствы нацыянальных груп і грамадзянскіх асоб на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы і іншых краін.

Адвокат объяснил, почему он отправил в Гаагу Лукашенко, Балабу и Карпенкова
Злева направа: кіраўнік КДБ Іван Тэртэль, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, камандзір АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Чаму паспяховы польскі адвакат узяўся за справу, якая датычыцца грамадзян іншай краіны?

Томаш Віліньскі: Некалькі гадоў я расследаваў злачынствы, здзейсненыя рэжымам Лукашэнкі, і сабраў шмат беспасярэдніх доказаў. Я задакументаваў катаванні, неабгрунтаванае пазбаўленне волі, забойствы, гандаль людзьмі. У заяве падрабязна пералічаныя тысячы ахвяр рэжыму Лукашэнкі. Дакумент накіраваны на выяўленне асоб, якія здзейснілі злачынства, пераданне іх незалежнаму і справядліваму суду, які вызначыць іх віну і адказнасць.

Рэжым Лукашэнкі здзяйсняе злачынствы перад усім светам, і на гэта трэба рэагаваць. Я змагаюся словам і пяром. Я абяцаў многім беларусам, што буду пастаянна змагацца з імі за свабодную Беларусь і за раскрыццё злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што Гаагскі трыбунал будзе судзіць абвінавачваных вамі людзей?

Томаш Віліньскі: Цалкам магчыма, што пракурор Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе вельмі хутка пачне расследаванне, задакументуе злачынствы і дапытае сведак. Важна, каб усе ахвяры рэжыму Лукашэнкі і сведкі канкрэтных злачынстваў накіроўвалі свае заявы і доказы здзейсненых злачынстваў пракурору Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Не выключана таксама, што для разгляду злачынстваў рэжыму Лукашэнкі можа быць створаны спецыяльны трыбунал, і тады ён мог бы разглядаць злачынствы, здзейсненыя рэжымам з 1996 года да цяперашняга часу.

Адвокат объяснил, почему он отправил в Гаагу Лукашенко, Балабу и Карпенкова
Міжнародная пастаянная палата трацейскага суда ў Гаазе / Getty

Па словах адваката, запыт і паведамленне ўжо адпраўленыя ў Міжнародны крымінальны суд. Пракурору трэба будзе ацаніць важнасць справы, прыняць рашэнне аб юрысдыкцыі і зрабіць папярэднія высновы. Толькі пасля гэтага ён можа прыняць рашэнне аб завядзенні папярэдняга праверачнага працэсу і пасля яго завяршэння пачаць расследаванне па "справе Лукашэнкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.