Актывісткі ўкраінскага руху Femen могуць прыехаць у Беларусь на выбары

Пра гэта ў інтэрв’ю Радыё Свабода заявіла лідэр руху Ганна Гуцол. Femen вядомы сваімі экстравагантнымі акцыямі пратэсту, у часе якіх дзяўчаты і кабеты выходзяць на вуліцу напаўаголенымі, трымаючы ў руках плакаты. Першапачатковай мэтай руху была барацьба з прастытуцыяй, але потым дзяўчаты заняліся палітыкай. Апошняй іхнай яскравай акцыяй быў пікет у Кіеве пад назвай “Украіна не Аліна”, прымеркаваны да візіту расійскага прэм’ера Ўладзіміра Пуціна. Лідэр руху Ганна Гуцол не выключае, што ейныя паплечніцы могуць нешта падобнае зладзіць і ў Мінску, але ж яны абмежаваныя ў фінансавых магчымасцях, каб прыехаць у Беларусь за свае сродкі. Да таго ж, Femen усведамляе, што ў Беларусі “вельмі жорстка з міліцыяй”.