Актывісты хочуць унесці папраўкі ў праект закона аб зваротах грамадзян

Актывісты грамадзянскай кампаніі "Наш дом" прапаноўваюць уладам Гомеля ўнесці папраўкі ў праект закона "Аб зваротах грамадзян". Адпаведную заяву накіраваў прадстаўнік кампаніі Андрэй Аксёнаў старшыні гарвыканкама і кіраўнікам адміністрацый горада, паведамляе БелаПАН. Як паведаміў Аксёнаў, ён звяртае ўвагу ўладаў горада на пункт 7-мы артыкул 6-га законапраекта: "Пры ажыццяўленні асабістага прыёму па рашэнні кіраўніка арганізацыі могуць прымяняцца тэхнічныя сродкі (аўдыё- і відэазапіс, кіна- і фотаздымка), пра што заяўнік павінен быць інфармаваны да пачатку асабістага прыёму".

Аксёнаў лічыць, што, калі рашэнне аб прымяненні тэхнічных сродкаў знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі кіраўніка арганізацыі, гэта адпачатку абмяжоўвае  рэалізацыю законных правоў і свабод заяўніка.

Ён прапаноўвае альбо выключыць гэты пункт з рэдакцыі законапраекта, альбо разглядаць яго ў іншай рэдакцыі, а менавіта — падчас асабістага прыёму тэхнічныя сродкі могуць прымяняцца толькі ў выпадку згоды абодвух бакоў — кіраўніка і заяўніка.