"Алатантур": Падаражанне беларускіх віз закрывае заходні турысцкі рынак

Павелічэнне кошту віз для замежнікаў у Нацыянальным аэрапорце "Мінск" цалкам пазбаўляе айчынныя турыстычныя агенцтвы магчымасці працаваць з заходнім рынкам. Пра гэта БелаПАН заявіў дырэктар адной з найбуйнейшых турыстычных кампаній Беларусі "Алатантур" Аляксей Стрэльчанка. Нагадаем, з 1 студзеня 2010 года, з уступленнем у сілу Асаблівай часткі Падатковага кодэксу, у Беларусі ўніфікаваны падыход да консульскіх збораў з замежных грамадзян. У адпаведнасці са зменамі ўтрая — з 60 да 180 еўра — вырас кошт віз, якія адкрываюцца ў Нацыянальным аэрапорту "Мінск" грамадзянам з краін, дзе ёсць беларускае консульства. З 60 да 90 еўра ўзрос кошт віз для грамадзян з дзяржаваў, дзе беларускага консульства няма. Пры гэтым для грамадзян ЗША збор за візу ўсталяваны ў 275 еўра. У консульствах Беларусі ў краінах ЕС збор за візу складае 60 еўра, скасаваная магчымасць атрымаць больш танную турыстычную візу.

Стрэльчанка лічыць "прынамсі некарэктнымі" дзеянні ў гэтай сітуацыі беларускага МЗС. Арганізацыі і ведамствы Беларусі, задзейнічаныя ў працы з турыстамі, адзначыў ён, не былі папярэджаны пра такі крок. Як вынік, з 1 студзеня з'явілася мноства скаргаў ад замежных турыстаў, якім у аэрапорце давялося трохразова пераплачваць за візы.

Дырэктар туркампаніі прагназуе, што новаўвядзенне адмоўна адаб'ецца на развіцці турыстычнай галіны: шмат якія замежнікі адкрывалі беларускія візы ў мінскім аэрапорце, бо консульствы Беларусі дзейнічаюць толькі ў сталіцах еўрапейскіх дзяржаваў.

Па словах дырэктара "Алатантура", нават краіны, якія жывуць за кошт турызму, кшталту Егіпта і Турцыі, адкрываюць візы ў аэрапорце па мінімальных стаўках. У беларускім новаўвядзенні адмысловец не бачыць ніякай логікі, а таксама эканамічнай мэтазгоднасці.