Аляксандр Сапега выступіць з лепшымі бубначамі на міжнародным фэсце ў Баку

Бубнач гурта “Apple Tea” Аляксандр Сапега паўдзельнічае ў “Міжнародным фэсце бубначоў”, які пройдзе ў пачатку траўня ў Баку. У Азербайджан беларускага музыканта паклікаў вядомы перкусіяніст і прадзюсер фэсту Тофік Джабараў.

Хэдлайнерам фэсту будзе сусветная зорка, амерыканец кубінскага паходжання, Хуліо Барэта. Таксама у Баку прыедуць бубначы з Расіі, Украіны, Эстоніі і Грузіі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў сам Аляксандр Сапега.

“Я акурат рыхтую 4 творы з рэпертуару “Apple Tea” з мінусам, каб там граць нібыта з гуртом, але пад мінус. Аднак там будзе цаніцца сапраўдная імправізацыя. Таму там будуць запрошаныя 2-3 піяністы, 2-3 кантрабасісты — вось з гэтай рытм-групай будуць граць усе разам”.