Аляксандр Ярашук: Вяртанне гандлёвых прэферэнцыяў Беларусі нерэальнае

Незалежныя прафсаюзы не падзяляюць аптымізму чыноўнікаў у справе вяртання Беларусі гандлёвых прэферэнцыяў ад Еўракамісіі Нагадаю, наша краіна была пакараная гэткім чынам за пераслед незалежных прафсаюзаў. Аднак, як заявіў журналістам намеснік міністра замежных спраў Валерый Варанецкі, афіцыйны Мінск спадзяецца дамовіцца з Еўракамісіяй пра адмену пакарання ўжо сёлета. А вось старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук аптымізму чыноўнікаў не падзяляе.

Аляксандр Ярашук: “Можа, ёсць нейкія кулуарныя дамоўленасці з Еўрасаюзам, але мне яны падаюцца з ліку не вельмі рэалістычных сцэнароў развіцця падзеяў. Як больш рэальны сцэнар – тое, што галоўныя высновы аб прагрэсе ў становішчы прафсаюзаў у Беларусі будуць зробленыя падчас штогадовай канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы ў жніўні ў Жэневе”.

Разам з тым прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў адзначаюць, што адміністрацыйны ціск на іх актывістаў узмацняецца. Яны перадалі ў Міжнародную арганізацыю працы ліст з пералікам 12 асноўных парушэнняў сваіх правоў уладамі.