Анатоль Лябедзька: АГП рыхтуе вулічныя акцыі ў абарону Андрэя Клімава

Здароўе і жыццё палітыка Андрэя Клімава знаходзіцца пад пагрозай. Такую заяву зрабіла Аб’яднаная грамадзянская партыя. Нагадаем, з 3 красавіка Клімаў знаходзіцца ў турме за апублікаваныя ў Інтэрнэце публіцыстычныя артыкулы. У ізалятары ў палітыка здарыўся сардэчны прыступ. Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька чытаў некалькі лістоў Клімава і перакананы, што пагроза яго жыццю існуе. Паводле словаў Лябедзькі, раней нават у складаных сітуацыях Андрэй Клімаў не рабіў выгляду, што ў яго праблемы.

Анатоль Лябедзька: «А зараз гэта гучыць не толькі паміж радкоў яго лістоў, але і адкрыта, што чалавеку цяжка і праблемы фізічнага стану».

Каб выратаваць Клімава, АГП спрабуе арганізаваць ціск на ўлады. Напрыклад, звяртаецца да грамадскасці, каб людзі пісалі свае звароты ў адміністрацыю Лукашэнкі.

Анатоль Лябедзька: «Калі будзе такі ціск ад палітычных структур, ад міжнародных арганізацый і проста ад звычайных грамадзян, мы зможам прымусіць улады перагледзець сітуацыю з Андрэем Клімавым».

6 чэрвеня падчас паседжання Прэзідыума АГП Анатоль Лябедзька зробіць прапанову пра кансалідаваныя дзеянні ў справе Клімава. У прыватнасці, плануецца правядзенне вулічных акцый. АГП таксама заявіла, што бярэ на сябе адказнасць, што Андрэй Клімаў у выпадку вызвалення не з’едзе з краіны.