Анатоль Сідарэвіч выдаў у Мінску кнігу пра “фанатыка беларускай ідэі”

У Мінску ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшла з друку кніга “Пра Івана Луцкевіча: успаміны, сведчанні”. Яна прысвечана выдатнаму беларускаму дзеячу, аднаму з ідэолагаў Беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя Івану Луцкевічу (1881 - 1919). Вось як ацаніў гэтую асобу ў інтэрв’ю Еўрарадыё складальнік кнігі, гісторык і палітык Анатоль Сідарэвіч:

“Гэта быў ідэаліст, фанатык беларускай ідэі, беларускай справы. Такіх людзей цяпер трэба пашукаць…”

У савецкія часы імя Івана Луцкевіча, як аднаго са стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, замоўчвалася. Анатоль Сідарэвіч з сумам кажа, што не змянілася гэтая сітуацыя і цяпер:

“Ведаеце, Іван Луцкевіч нікому цяпер не цікавы. Ён не цікавы цяперашняй дзяржаве, якая “вырасла на яго плячах”. І ён не цікавы “незалежнаму грамадству”. І не цікавы сучасным палітычным сілам, у тым ліку сацыял-дэмакратыі...

Таму гэта чыста прыватная ініцыятыва, таму кніжка выйшла накладам усяго 200 экзэмпляраў”.