Андрэй Бастунец: Янчэўскі ўважліва нас выслухаў і паабяцаў разабрацца

Учора адбылася сустрэча прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаны Літвіной і Андрэя Бастунца з начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Ўсеваладам Янчэўскім.  Нагадаем, першая спроба паразмаўляць з галоўным ідэолагам краіны была зробленая яшчэ ў верасні. Тады "Белпошта" не ўключыла шмат незалежных выданняў у падпісны каталог на 2009 год, і на сустрэчы іх рэдактараў і кіраўніцтва БАЖ было вырашана звярнуцца ў адміністрацыю прэзідэнта, каб абмеркаваць праблему. Але магчымасць паразмаўляць з Янчэўскім з'явілася толькі праз два месяцы. Вось што распавядае Андрэй Бастунец:

"Першае пытанне, якое мы абмяркоўвалі, якраз тычылася распаўсюду незалежных сродкаў масавай інфармацыі, уключэнню ў падпісныя каталогі, вяртанню ў шапікі "Саюздруку" не толькі двух, хай і знакавых выданняў, але і яшчэ дзесятка незалежных выданняў, якія маюць тыя самыя праблемы".


Паводле словаў Бастунца, таксама гаворка ішла пра ўмовы дзейнасці незалежных СМІ, як нацыянальных, так і рэгіянальных, акрэдытацыю карэспандэнтаў у тым ліку і замежных, доступ да інфармацыі, практыку прымянення заканадаўства аб экстрэмізме.

Бастунец кажа, што Ўсевалад Янчэўскі ўважліва выслухаў і паабяцаў, што будзе "працаваць па гэтых пытаннях":

"Суразмоўца ўважліва нас выслухаў, задаваў наводзячыя пытанні. Нейкія паперы мы яшчэ абавязаліся дадаткова прадставіць. І мне здаецца, што, як кажуць, гутарка мела канструктыўны характар".