Андрэй Мельнікаў здзяйсняе лыжны прабег у памяць пра паэтку Таццяну Сапач

25 студзеня, у дзень Таццяны, гомельскі бард Андрэй Мельнікаў здзяйсняе лыжны прабег у памяць пра загінулую ў канцы снежня 2010 года ў аўтамабільнай аварыі беларускую паэтку Таццяну Сапач, паведамляе БелаПАН. Акцыю памяці бард пачаў з удзелу ў набажэнстве ў Свята-Траецкай царкве, затым праехаў па мікрараёне Стары Аэрадром, дзе ў 80-х гадах жыла паэтка са сваім мужам Сяргеем Дубаўцом, і спыніўся ля святой крыніцы.

"Таццяна ў пэўным сэнсе была святой крыніцай, таму я абраў такі маршрут, — адзначыў Мельнікаў. — Я сёння адзін, але, як казаў Уладзімір Караткевіч, каб пачаць, не трэба дзвюх, а далей, можа, гэта акцыя памяці стане традыцыяй. Так было з Аршанскай бітвай — у 1989 годзе на Крапівенскае поле я прыехаў адзін, а цяпер туды штогод прыязджаюць людзі".