Апазіцыянер з Брэста не хоча, каб Лукашэнка называў яго “ворагам народа”

Каардынатар ініцыятыўнай групы па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) па Брэсцкай вобласці Васіль Ваўранюк спрабуе абскардзіць абразлівыя выказванні кіраўніка дзяржавы. Васіль Ваўранюк:
— Я падаў скаргу ў Генеральную пракуратуру на апошнія выказванні прэзідэнта, але і грамадзяніна Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на 6-м з’ездзе  Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай і на “Дажынках” у Лідзе, дзе ён назваў апазіцыю “ворагамі народа”.

Панятак “вораг народа” аформіўся яшчэ ў рымскім праве як азначэнне небяспечнага суб’екта, варожага салдата, якога належыць знішчыць, патлумачыў спадар Ваўранюк. Потым гэтае азначэнне пераняў Сталін. Людзей з такім кляймом расстрэльвалі цягам 24 гадзінаў па прысуду так званых “троек”.

Спадар Ваўранюк прылічвае сябе да апазіцыі, лічыць пажаданай змену ўлады праз правядзенне справядлівых выбараў і просіць Генеральную пракуратуру абараніць ягоную годнасць грамадзяніна і права на жыццё.