Апазіцыйныя камуністы адмаўляюцца ад камунізму і мяняюць назву партыі

Шэсць новых варыянтаў назвы Партыі камуністаў Беларускай будзе вынесена на разгляд пазачарговага з’езду ПКБ. Адпаведнае рашэнне было прынята на пленуме партыі. Пазачарговы з’езд адбудзецца ў два этапы.

На першым, 23 траўня, прапаноўваецца разгледзець пытанне аб даверы кіраўніцтву партыі, а затым абмеркаваць асноўныя шляхі мадэрнізацыі формаў і метадаў партыйнай працы.

У выпадку прыняцця рашэння аб змене назву партыі пленум ЦК прапаноўвае на разгляд з'езду шэсць варыянтаў новай назвы: Беларуская партыя левых (БПЛ), Партыя дэмакратыі і справядлівасці (ПДС), Партыя "Новы курс", Партыя "Радзіма", Партыя "Справядлівасць і народаўладдзе" (ПСН), Партыя "Справядлівы свет".

Мяркуецца, што з'езд таемным рэйтынгавым галасаваннем вызначыць тры аптымальныя варыянты назвы. Пры гэтым кожны дэлегат будзе мець магчымасць уносіць у бюлетэнь іншыя варыянты. Другі этап з'езду прапанавана правесці ў верасні—кастрычніку 2009 года.

БелаПАН