Апошнія расійскія ўдзельнікі вучэнняў "Захад-2009" пакідаюць Беларусь

10 кастрычніка завяршаецца адбыццё ў месцы пастаяннай дыслакацыі расійскіх удзельнікаў аператыўна-стратэгічных вучэнняў "Захад-2009". Як паведаміў БелаПАН начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменчык, апошнія чатыры чыгуначныя эшалоны з асабістым складам і тэхнікай часцей тэхнічнага забеспячэння на працягу сённяшняга дня адправяцца ў Расію. Па ягоных словах, перадыслакацыя органаў вайсковага кіравання, злучэнняў і часцей расійскага складу рэгіянальнай групоўкі войскаў ажыццяўляецца ў планавым парадку ў адпаведнасці з раней зацверджанымі тэрмінамі.

Нагадаем, на тэрыторыі Беларусі вучэнні "Захад-2009" праводзіліся з 18 па 29 верасня. Першы расійскі вайсковы эшалон прыбыў у нашую краіну 9 верасня. Агулам на беларускай тэрыторыі знаходзіліся прыкладна 6 тыс. расійскіх вайскоўцаў і дзясяткі адзінак рознай тэхнікі.

Пакідаць Беларусь расійскія войскі пачалі ўжо ў апошні дзень вучэнняў — 29 верасня.