Apple сёлета выдала Беларусі звесткі пра аднаго карыстальніка

Справаздача была апублікаваная 5 лістапада на афіцыйным сайце кампаніі. Такую інфармацыю Apple раскрывае ўпершыню, адзначае lenta.ru.



Звесткі змяшчаюць статыстыку па запытах, якія паступілі ў Apple з боку спецслужбаў больш як 30 краін. Як адзначаецца ў справаздачы, запыты датычылі як карыстальніцкіх акаўнтаў iTunes, iCloud і Game Center, так і інфармацыі аб прыладах Apple. Усе звесткі ў справаздачы адносяцца да перыяду з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2013 года.



Найбольшая колькасць запытаў паступіла ў Apple з боку ўлад ЗША. Дакладны лік такіх зваротаў не раскрываецца — у справаздачы толькі паказваецца, што амерыканскімі праваахоўнымі органамі было зроблена ад адной да дзвюх тысяч падобных запытаў. Другое месца па колькасці зваротаў заняла Вялікабрытанія — 127 запытаў. На трэцім і чацвёртым месцах — улады Іспаніі і Нямеччыны (102 і 93 звароты, адпаведна). З Беларусі быў адзін запыт, як і з Расіі.



Раней справаздачы пра супрацоўніцтва са спецслужбамі ўжо публікавалі сацыяльная сетка Facebook, сэрвіс мікраблогаў Twitter, а таксама такія кампаніі, як Google і Yahoo!.



Фота — telegrafist.org