Архівы Радзівілаў і Нясвіжская калекцыя кніг — у рэгістры "Памяць свету"

Як адзначае БЕЛТА, рэгістр ЮНЭСКА "Памяць свету" папоўнілі 35 новых аб'ектаў дакументальнай спадчыны выбітнай каштоўнасці. Зараз іх агулам налічваецца 191. Архівы Радзівілаў і Нясвіжская калекцыя кніг увайшлі ў лік 35 "навічкоў" рэгістра. У цяперашні час яны знаходзяцца не толькі ў Беларусі, але і ў Фінляндыі, Літве, Польшчы, Расіі, Украіне.

Гэтая калекцыя стваралася з ХV па XX стагоддзе сям'ёй Радзівілаў — адным з самых вядомых магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Шматлікія яго прадстаўнікі займалі высокія дзяржаўныя пасады і адыгрывалі важную ролю ў гісторыі Прусіі, Расійскай імперыі і Польшчы. Архівы Радзівілаў, можна сказаць, з'яўляліся амаль афіцыйнымі архівамі ВКЛ. У іх захаваліся як дзяржаўныя дакументы і дамовы, так і прыватная перапіска Радзівілаў.

Нароўні з архівамі Радзівілаў і Нясвіжскай калекцыяй кніг у рэгістр "Памяць свету" ўвайшлі брытанская Вялікая хартыя вольнасцяў, апублікаваная ў 1215 годзе, гераічная паэма сярэднявечнай Еўропы "Песня пра Нібелунгаў", архівы Лігі нацый ды інш.