Асамблея недзяржаўных аб'яднанняў хоча зарэгістравацца праз Вярхоўны суд

Прадстаўнікі працоўнай групы асацыяцыі "Асамблея недзяржаўных дэмакратычных аб'яднанняў" накіравалі пазоў у Вярхоўны суд. Яны патрабуюць зарэгістраваць арганізацыю.  Прадстаўнікі працоўнай групы — Сяргей Мацкевіч, Алесь Бяляцкі і Алег Гулак — просяць Вярхоўны суд прызнаць рашэнне Мінюсту аб адмове ў рэгістрацыі асацыяцыі неправамерным.

Як нагадвае БелаПАН, 9 красавіка заснавальнікі арганізацыі атрымалі афіцыйны адказ з Міністэрства юстыцыі, што Асамблея недзяржаўных дэмакратычных аб'яднанняў не можа быць зарэгістраваная. На думку Мінюсту, устаноўчая дамова аб стварэнні асацыяцыі з'яўляецца несапраўднай, бо кіраўнікі арганізацый — заснавальнікаў асамблеі падпісалі яе без згоды кіраўнічых органаў гэтых арганізацый. Таксама Мінюст адзначае, што назоў асацыяцыі не адпавядае патрабаванням заканадаўства, бо не мае ўказанняў на прадмет дзейнасці яе чальцоў.

Яшчэ адным чыннікам адмовы ў рэгістрацыі стала тое, што, як адзначыў Мінюст, мэты арганізацый-заснавальнікаў не супадаюць са статутнымі мэтамі асацыяцыі.