Азаранка і Гаварцова згуляюць на буйным тэнісным турніры ў Штутгарце

26 красавіка у Штутгарце стартуе турнір Porsche Tennis Grand Prix-2010. Яго прызавы фонд складае 700 тысяч долараў, паведамляюць "Беларускія навіны". У асноўнай сетцы спаборніцтваў прымуць удзел дзве беларускія тэнісісткі — Вікторыя Азаранка і Вольга Гаварцова. Азаранка ў першым крузе сустрэнецца з італьянкай Флавіяй Пенета. Гаварцова на старце турніру згуляе з іспанкай Марыяй Хасэ Мартінэс Санчас. У выпадку перамог у другім крузе беларускам давядзецца гуляць паміж сабой.

Кампанію Азаранка і Гаварцовай можа скласці і Таццяна Пучак, якая паспяхова пераадолела два раўнды кваліфікацыі. У першым з іх Пучак абыграла Шанэль Шыперс з ПАР — 4:6, 6:4, 6:2. У другім раўндзе яна перамагла немку Мону Бартэл — 6:2, 6:1. У вырашальным раўндзе Пучак мае сустрэцца з яшчэ адной тэнісісткай з Нямеччыны Джуліяй Кімельман.