“Банік”: На відэа “Дняпро” паказваў зусім іншы футбол! (фота, відэа)
Магілёўскі “Дняпро” стаўся адзіным беларускім клубам, які выйграў у 3-м кваліфікацыйным раўндзе футбольных Еўракубкаў.
Ледзь толькі футбалісты чэшскага “Баніка” з Астравы падымалі галаву, як дняпроўцы ізноў прыціскалі іх да варот. Вынік сустрэчы — 1:0 на карысць магілёўскага клуба і добрыя перспектывы на матч у адказ, які адбудзецца 5 жніўня на стадыёне “Базалы” у Астраве.
Старэйшы трэнер “Дняпра” Уладзімір Брэжэзінскі кажа, што знаёмства з чэшскім футболам (у 2000 годзе тады яшчэ “Дняпро-Трансмаш” гуляў з блшанскім “Хмелем” і прайграў 2:6) клубу якраз хапіла, каб згуляць супраць яго менавіта так, як трэба, — агрэсіўна, напорыста:
Уладзімір Брэжэзінскі: “У выніку ў матчы ў адказ “Баніку” неабходна атакаваць і забіваць, што ставіць нас у выгаднае становішча. З іншага боку, усе карты зараз адкрытыя, і таму, магчыма, ім будзе лягчэй гуляць”.
Паводле словаў трэнера, фактар трыбунаў для “Дняпра” даволі істотны. Хатні стадыён “Спартак” падчас матчу з “Банікам” не быў запоўнены цалкам. але тыя 5 тысяч чалавек, якія завіталі на футбол, гулі як мае быць. Натуральна, тое самае будзе 5 жніўня ў Астраве. З той розніцай, што “хварэць” усе будуць за “Банік”, а сядае на “Базалах” не 7, а 17 тысяч заўзятараў…
29 ліпеня пасля матчу ў распранальні “Баніка” быў сумны настрой. “Мы глядзелі гульні беларусаў на відэа. Але яны паказалі зусім іншы футбол, які здзівіў нас, — прызнаўся ў інтэрв’ю сайту чэшскай каманды паўабаронца Тамаш Фрэйлах. — Лік сустрэчы мог бы быць яшчэ горшым для нас. Мы на полі ўвогуле не змаглі эфектыўна камбінаваць, а “Дняпро” некалькі перспектыўных камбінацый папросту не давёў да канца”.
Аднак Уладзімір Брэжэзінскі не згодны з тым, што футбалісты “Дняпра” разбазарвалі моманты:
“Гэта футбол, вы ж разумееце. Магло быць 2:0, 3:0, а магло быць і 1:1! Адно магу сказаць дакладна: нам ужо не сорамна за ўдзел у гэтым адборачным цыкле. Спачатку мы думалі, што добра б адзін раўнд прайсці, пасля — другі…”
Пры канцы размовы трэнер перадаў прывітанне ўсім прыхільнікам “Дняпра”. Спадзяемся, з кожнай такой гульнёй іх у каманды робіцца ўсё больш.
Фота: www.fcb.cz.