Барысаўскія камунальнікі зладзілі звалку снега на гарадскім пляжы

Звалку бруднага снега зладзілі барысаўскія камунальныя службы на гарадскім пляжы на беразе Бярэзіны. Як паведамляе "Электронны Барысаў", на папулярнае месца адпачынку гараджан грузавікамі звозяць сабраны на аўтадарогах горада снег.
 
Заўсёднікі, якія наведваюць падчас купальнага сезону гарадскі пляж, могуць быць шакаваныя. Калі сабраны з дарог снег растане, аліва, прадукты згарання аўтамабільнага паліва, антыфрыз, рэагенты дарожнай сумесі, якую рассыпаюць падчас галалёду, часткова застануцца на пяску пляжа, а часткова сплывуць у раку.

Паводле правілаў, усталяваных Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, месцы для звалкі снега ў раёне вылучаюцца адмыслова. Для прадпрыемстваў Барысава гарадскі Цэнтр санітарнай эпідэміялогіі і гігіены вызначыў два месцы. Пляжу ў гэтым спісе няма, таму звалка снегу робіцца незаконна.