БАТЭ, як швейцарскі гадзіннік — функцыянавала каманда, а не асобныя гульцы

У інтэрв’ю Еўрарадыё вядомы футбольны агент Мікалай Шпілеўскі распавёў пра перспектыву барысаўскага БАТЭ, ад якога сышлі лепшыя гульцы, расказаў, пра што марыў Аляксандр Глеб 10 гадоў таму і прызнаўся, з якім беларускім футбалістам ён хацеў бы папрацаваць. БАТЭ зрабіў подзвіг, але ёсць сумненні, што гэта можа паўтарыцца

ЕРБ: Мікалай, ці можна ў Беларусі стварыць такі суперклуб як кіеўскае “Дынама” або данецкі “Шахцёр”?

Мікалай Шпілеўскі:
Футбол — гэта бізнес, дзе павінен быць агромісты ўплыў грошай. Я не думаю, што сёння на тэрыторыі Беларусі можна стварыць нейкі суперклуб кшталту кіеўскага “Дынама” ці данецкага “Шахцёра”. Так, БАТЭ-Барысаў зрабіў больш чым фурор. Яны зрабілі маленькі подзвіг для нашай краіны. З такім бюджэтам, з такой інфраструктурай і дастойна выступіць у Лізе чэмпіёнаў — гэта насамрэч подзвіг. Шчыра скажу, ёсць у мяне сумненні, што гэта можа паўтарыцца, хаця мы ўсе гэтага жадаем. Для гэтага патрэбна агромістае ўліванне фінансаў у наш футбол. Вельмі шмат было каманд кшталту БАТЭ, —. “Спарта” Прага, напрыклад. Закончыўся сезон Лігі чэмпіёнаў, і гэтую каманду ужо забылі. Для нас — так, мы беларусы гэтага не забудзем. Гэты поспех таксама нельга пераацэньваць. Нейкі падмурак заклалі ў развіццё нашага футбола. Нам трэба гэта паўтарыць. На такім узроўні гады 3-4 пратрымацца, каб мы маглі сказаць, што ў нас сапраўды нейкія моцныя пазіцыі ў еўрапейскім футболе. Тады пойдуць і фінансы, і рэспект ды павага.

Футбалісты БАТЭ разумеюць, што гуляюць не за тыя грошы, якія б маглі атрымаць у іншых камандах

ЕРБ: А ці зможа БАТЭ набраць ранейшыя абароты, прадаўшы сёлета лепшых сваіх футбалістаў?

Мікалай Шпілеўскі: У той год кожны футбаліст БАТЭ быў для мяне nobody. Я абсалютна нікога не ведаў. Аднак сваёй гульнёй на еўрапейскай арэне яны дабіліся таго, што хоць нехта пачаў запамінаць імёны гэтых людзей. І я думаю, што нязменных людзей няма. Ясна, што гэта будзе нялёгка. Але ў нас ёсць цудоўная моладзь, якая гатовая любыя нішы запоўніць, тым больш футбольныя. Гэта нармальны працэс, што футбалісты пераходзяць у іншы клуб. Гульцы БАТЭ, якія хаця б трохі заслужылі, каб на іх звярнулі ўвагу, добра разумеюць, што яны не за тыя грошы гуляюць, якія б маглі атрымаць у іншых камандах.

ЕРБ: А футбалісты БАТЭ маглі б працягваць расці разам са сваім клубам?

Мікалай Шпілеўскі: Калі футбаліст застаецца ў камандзе з нейкім не вельмі добрым пачуццём унутры. Калі ён адчувае, што можа гуляць на іншым узроўні, што ён можа на іншым жыццёвым узроўні жыць, маючы іншы заробак, — я не думаю, што ён для клуба прынясе якую-небудзь карысць. Я мяркую, што ад таго, што нехта застанецца ў БАТЭ з тымі кантрактамі, якія ў іх ёсць — яны не прынясуць карысці клубу і не будуць самі далей развівацца як футбалісты. Таму надыходзіць нармальны працэс: зрабіць трансфер гульца, каб і для клуба была карысць, і для самога футбаліста. Вось як, напрыклад, сёння адчувае сябе малады футбаліст БАТЭ Міша Сівакоў? Ён мае рэальныя кантракты і ад Бохума, і ад Тарына, але найхутчэй ён застанецца ў Барысаве. І вось уявіце, гуляючы за БАТЭ, выходзячы на трэніроўку, як хлопцу нялёгка! У яго была мара з’ехаць у той або іншы клуб, але яна не ажыццявілася.

У Еўропе попыту на беларускіх футбалістаў увогуле няма…

ЕРБ: У Еўропе ўвогуле ёсць попыт на беларускіх футбалістаў, і ў прыватнасці на гульцоў БАТЭ?

Мікалай Шпілеўскі: Як таго попыту, каб сёння там у Еўропе разбіралі — шчыра скажу, такога ўвогуле няма, такога проста ўвогуле няма. Для расійскага чэмпіянату, магчыма, так: кожны па сваім узроўні даказаў, што ён можа гуляць. Каб сказаць, што сёння разбіраюць усіх гульцоў БАТЭ, — такога проста няма.

ЕРБ: Існуе меркаванне, што пераязджаючы гуляць у Расію, беларусы там проста знікаюць і губляюць свой патэнцыял. Ці так гэта?

Мікалай Шпілеўскі: Тут усё ж такі агромісты ўплыў аказвае побыт футбаліста. А, на жаль, нашы славянскія традыцыі… Як ні дзіўна… Я не хачу пра гэта казаць, але ёсць свае моманты, вельмі складаныя. Думаю, вы мяне зразумелі. Прайсці праз гэтыя спакусы могуць толькі людзі-профі, якія насамрэч жывуць футболам і хочуць нечага дасягнуць, калі мы гаворым пра сур’ёзны ўзровень.

Пераход Блізнюка: Я гэтага не зразумеў…

ЕРБ: Лідэры БАТЭ Радзівонаў і Блюзнюк перайшлі ў другую нямецкую лігу. Што лепш: чэмпіён Беларусі ці сярэдні клуб другой бундэслігі?

Мікалай Шпілеўскі: Шчыра кажучы, я сам гэтага крыху і не зразумеў, хаця не скажу, што там надта такі нізкі ўзровень, які вы недаацэньваеце. У другой Бундэслізе гуляюць вялікія людзі. Днямі я сустракаўся з Віталікам Радзівонавым. Быў на яго матчы. Тут было ўлічана жаданне гульца, які, я не хаваю, адмовіў і грандам расійскага футбола, і адмовіўся ад нейкай фінансавай падтрымкі. Ён вырашыў свой шлях футбольны пракласці праз Нямеччыну і бундэслігу. У яго гэты шанц ёсць. 6 месяцаў да канца сезона. І я думаю, што калі ён на гэтай нямецкай авансцэне сябе зарэкамендуе менавіта так, як ён гуляў у Лізе чэмпіёнаў, то ў яго ёсць добрая будучыня. То бок ёсць жывы прыклад, калі чалавек адмовіўся ад фінансаў, але прысвяціў сябе футболу.

А хто яшчэ з футбалістаў БАТЭ мог бы пераехаць у Еўропу?

Ведаеце, вельмі складана адказаць на ўсе гэтыя пытанні. Каманда БАТЭ — як швейцарскі гадзіннік — функцыянавала каманда, а не асобныя гульцы. Гэта факт. Як будзе той або іншы футбаліст глядзецца ў іншай камандзе… Таму калі ўзяць асобна, хто б мог загуляць? Тут ужо бабка на двое гадала. Можа загуляць Паша Няхайчык, на якога, магчыма ніхто і ўвагі не звяртаў. А можа не загуляць той жа Крывец, у якога чыста тэхнічнае і тактычнае навучанне вельмі сур’ёзнае.

У мяне вялікае жаданне папрацаваць з Ігарам Шытавым. Гэта чалавек, які гуляе ў еўрапейскі футбол.

ЕРБ: З кім з беларускіх футбалістаў акрамя Глеба і Пуцілы вы хацелі б папрацаваць, ці ўжо можа супрацоўнічаеце?

Вялікае ў мяне жаданне папрацаваць з футбалістам з жодзінскага “Тарпеда”, правым абаронцам Ігарам Шытавым. Не хаваю, што пару разоў сустракаўся з ім у Мінску. Я бачу, што з гэтага хлопца таксама будзе толк. Гэта чалавек, які гуляе ў еўрапейскі футбол. Ва ўсялякім выпадку спрабуе гуляць. Ёсць у нас віды на Еўропу і з Антонам Пуцілам. Я ўлюблёны ў яго як у футбаліста. Сёння ў нас у Гамбургу крыху не атрымалася, але гэта абсалютна не па футбольных прычынах. Чыста побыт, няведанне мовы адсунула яго на другі план. Я не лічыў патрэбным, каб у такім псіхалагічным стане ён мог далей там развівацца. Таму рашэнне прынята. Гэтыя 6 месяцаў ён прабудзе ў мінскім “Дынам”, дзе павінен набраць сваю форму, дзякуючы гульнявой практыцы ў клубе і ў нацыянальнай зборнай, каб атрымаць свой шанс з’ехаць у Еўропу. Інтарэс да яго ёсць.

У беларускіх футбалістаў столькі побытавых праблем, што ў іх не хапае часу аддавацца футболу

ЕРБ: А ці былі ў беларускім футболе людзі, каму не хапіла Шпілеўскага?

У мяне свае, асаблівыя патрабаванні. Па-першае, гэта квалітэт футбаліста. Патэнцыял у футбаліста павінны быць проста вар’яцкім. Генетыка футбаліста. Ці схільны ён увогуле быць футбалістам. Калі сёння гутарыш з нашым беларускім футбалістам. Ёсць суперталенавітыя, добрыя гульцы. Але калі ў іх праблемы: вось мне два месяцы не выдавалі заробак, у мяне праблема —  трэба будаваць кватэру, мне трэба займацца рамонтам, мне трэба рабіць гэта. І ў чалавека паўстае столькі побытавых праблем, што, я думаю, што ў гэтых людзей чыста не хапае часу аддавацца футболу, калі мы кажам пра нейкі высокі ўзровень. Калі гэта тычыцца нашага беларускага ўзроўню, тады няхай ён гуляе на гэтым узроўні. У мяне вельмі сур’ёзныя патрабаванні і падыходы. Таму не ўсе футбалісты гатовыя да маіх патрабаванняў, да маёй філасофіі, да таго, як я бачу якім трэба быць, каб даць маладому чалавеку шанц гуляць на высокім узроўні. Пры сваіх першых сустрэчах я спрабую маладым гульцам патлумачыць, што ў футбол або ты гуляеш, або не гуляеш, ёсць у цябе ад Бога гэта ці няма. Але калі чалавек ментальна зацыклены толькі на фінансах, то з такімі людзьмі, па-першае, складана працаваць, а па-другое, ён ніколі не будзе развівацца як асоба і як футбаліст. Я на некаторых футбалістаў асабліва і не крыўдую. Калі, ведаеце, ён у мяне пры першай сустрэчы ўжо пытае: “А колькі я буду зарабляць, а якія мне грошы?”. Часам думаеш, ну што з ім гаварыць, ну што з ім працаваць, калі ў чалавека настолькі меркантыльна ўсё на гэтым завязана. А з іншага боку асабліва не крыўдуеш, бо наш характар і нашы прынцыпы выхоўвае тое грамадства, у якім мы расцем.

10 гадоў таму Аляксандр Глеб паабяцаў мне, што будзе гуляць у Барселоне.

ЕРБ: А сам Шпілеўскі быў бы Шпілеўскім без Глеба?

Мікалай Шпілеўскі: Шчыра кажучы, я б рабіў гэтую працу і без кагосьці іншага. Дзякуючы Аляксандру, мне часам не хацелася займацца гэтым больш ні з кім. Мне здавалася, што ўсе такія самыя як Аляксандр. Але высветлілася, што гэта такі дыямент, на які трэба раўняцца, але цяжка здабыць. Пашанцавала мне, пашанцавала Аляксандру, што ў нас дастаткова сур’ёзныя адносіны. Важна тое, што мы першыя крокі ў футболе рабілі разам з ім. Я ніколі не забуду, як, здаецца, у 1999-м годзе, калі Аляксандр яшчэ быў нікім, паабяцаў мне, што будзе гуляць у Барселоне. І гэта здарылася! Але для гэтага трэба было вельмі шмат прайсці.